Проста фантастыка. Уладзімір Садоўскі
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Проста фантастыка - Уладзімір Садоўскі страница 7

СКАЧАТЬ прыкладам тыя ж кватэра, машына і праца. Старую аднапакаёўку ў цэнтры пакінулі яму бацькі, калі перасяліліся ў новы мікрараён, патрыманую іншамарку, што стаяла на кансэрвацыі гадоў дзесяць, падарыў дзед, як толькі Хведар атрымаў пасведчанне кіроўцы, а працу, з добрым заробкам і ўмовамі, дала дзяржава, размеркаваўшы Хведара ў праектны інстытут пасля ўніверсытэту. Гэтую лёгкасць, з якой ён крочыў па жыцці, Хведар перыядычна вінаваціў у адсутнасці думак у ягонай галаве. Ва ўяўленні Хведара, людзі, якія з найвялікшымі цяжкасцямі і непасільнымі намаганнямі здабываюць тое (адукацыю, машыну, працу), што яму, бяздумнаму Хведару, дастаецца аўтаматычна, проста вымушаны думаць. Выразна фармуляваць думкі ў сваіх галовах іх прымушаюць цяжкія абставіны жыцця і імкненне пераадолець іх. Цяжкіх абставін у жыцці Хведара не было, і таму ён шчыра паважаў людзей, што ў супрацьстаянні з гэтымі абставінамі, як кажуць, усяго дабіваліся сваімі рукамі. Такіх людзей Хведар лічыў лепшымі за сябе, што адлюстроўвалася ў наданні ім уласцівасці думання, у якой адмаўляў сабе.

      Працаваў Хведар у праектным інстытуце, дзе займаўся нібыта інжынернай работай. Нібыта інжынерная работа палягала ў кампіляцыі стандартаў, спрошчаных разлікаў і тыпавых рашэнняў адпаведна выдадзеных тэхнічных умоваў. Такая работа не патрабавала ад Хведара ані разумовых, ані тым больш нейкіх інжынерных высілкаў і таму Хведар шчыра лайдачыў. Ён чытаў, граў у гульні на кампутары, слухаў музыку ці проста глядзеў у вакно. Ён быў з гатунку тых лайдакоў, што, як і ільфапятроўскі загадчык багадзельні ня мог ня красці, ці ў выпадку Хведара, ня мог не лайдачыць. Хведар чырванеў, калі хто-небудзь з аддзелу заспяваў яго за праглядам фільма. Ён шчыра пакутаваў ад думкі, што ён тут вось цяпер раскладае пасьянс, а ягоныя калегі ў гэты ж час шчыруюць над праектамі. Ён выразна ўяўляў сябе шчыруючым разам з імі. Але не ленавацца ён не мог. І гэтую сваю ляноту Хведар таксама, як і лёгкасць быцця, вінаваціў у адсутнасці думак у сваёй галаве.

      Лянота і невыносная лёгкасць быцця пазбавілі Хведара права чалавекам разумным звацца. Ператварылі яго ў бяздумны аўтамат. Свядома ці мімаволі Хведар шукаў паратунку ад гэтага стану ў кнігах. Не маючы магчымасці фармуляваць уласныя думкі, Хведар спажываў з кніжных старонак думкі чужыя. Так шмат, як на працы, Хведар не чытаў ніколі. Фантастыка, класіка, постмадэрнізм, кнігі па гісторыі, філасофіі, мастацтву, навукова-папулярныя працы. Хведар пагружаўся ў кніжны свет са стараннасцю глыбокаводнага аквалангіста. Кожная прачытаная кніга напаўняла ягоную галаву новымі цудоўнымі думкамі, ствараючы ілюзію разумовай дзейнасці. Аўтарскія словы ўспрымаліся галавой за свае і на пэўны час суцішалі гуд адсутнасці ўласных думак. Але Хведар нядоўга цешыўся з чужога думкавага працэсу. Ён добра ўсведамляў ілюзорнасць кніжнай думкі. І нават, у глыбіні свайго бяздумкавага розуму, ставіў сваю прагу да кніг на адзін узровень з лянотай і лёгкасцю, то бок вінаваціў кнігі ў сваім бяздумстве.

      Конец СКАЧАТЬ