Палескія рабінзоны. Янка Маўр
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Палескія рабінзоны - Янка Маўр страница 4

СКАЧАТЬ што рукі пачалі даставаць зямлю. Але стаць усё роўна было немагчыма – зараз жа ногі правальваліся ў багну.

      – Што ж цяпер рабіць? – разважаў Віктар, калі прыпыніўся апошні раз на кусце. – Ні плысці, ні ісці нельга.

      – Значыцца, трэба паўзці на руках, – сказаў Мірон, выпрастаўся нерухома на вадзе і лёгка паплыў, перабіраючы рукамі па зямлі.

      За ім пусціўся Віктар.

      – Ну як? Цяпер Архімед дапамагае? – спытаў Мірон.

      Каб выправіць сваю папярэднюю памылку і паказаць, што ён не горш за Мірона разумее гэтае пытанне, Віктар паспяшаўся даць тлумачэнне:

      – Цяпер у нас супраціўленне вады зусім невялікае, і нам не трэба моцна ўпірацца рукамі.

      Усё ішло добра, пакуль цела трымалася ў вадзе. А калі яны падплылі да берага метраў на пяцьдзесят ды «селі на мель», тады ўжо ніякім спосабам нельга было рухацца далей. Немагчыма было ні абаперціся рукамі, ні стаць на ногі – ад кожнага руху хлопцы яшчэ больш загразалі ў балоце. Хоць ты назад вяртайся!

      Яны чапляліся за кожную ламачыну, за леташні чаротнік, каб толькі знайсці сабе апору. Паступова яны набралі ў рукі па цэлай вязанцы сухога чаротніку і галля, а затым Віктар выступіў з канкрэтнай прапановай:

      – Калі мы не можам паўзці, абапіраючыся на рукі, то паспрабуем паўзці, абапіраючыся на вязанкі, вось так…

      Моцна трымаючы дзвюма рукамі вязанку, ён закінуў яе наперад, а потым падцягнуўся да яе ўсім целам. Першы крок быў зроблены. А за ім пайшлі далейшыя крокі, цяжкія, марудныя, але кожны з іх крыху набліжаў жаданую сушу.

      Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Досыць высокі, сухі, ён глядзеў на поўдзень і добра награваўся праменнямі сонца. Пад аховай векавых хвой тут не адчувалася ні малейшага ветрыку; ад нагрэтай зямлі патыхала цеплынёй, як у добры летні дзень. Асабліва вабілі да сябе пляміны чыстага белага пяску. На яго і паваліліся нашы падарожнікі.

      – А тут было б зусім нядрэнна, калі б… – пачаў Віктар млявым голасам.

      – Калі б не гэтае «калі б», было б сапраўды добра, – згадзіўся Мірон. – Але калі мы засохнем у такім стане, то будзе яшчэ горш, – мы зробімся муміямі.

      – Для цябе гэта асабліва небяспечна, бо ты тады зломішся, – засмяяўся Віктар.

      – Ды і табе не лепш будзе, – адказаў Мірон. – Трэба змыць гэтую гразь.

      Але так не хацелася ўставаць, распранацца. Цішыня, стома, цеплыня хілілі да сну. Праз некалькі хвілін Мірон зноў сказаў:

      – Трэба памыць і высушыць адзенне, пакуль сонца грэе.

      – Трэба, – пацвердзіў Віктар.

      І абодва засталіся ляжаць нерухома. Праз некаторы час Віктар сказаў:

      – Нічога не зробіш, трэба ўставаць.

      – Трэба, – пацвердзіў Мірон.

      І зноў абодва засталіся ляжаць.

      Зноў прайшло некалькі часу. Тады Мірон рашуча сказаў:

      – Так нічога не выйдзе. Давай па СКАЧАТЬ