Название: Трэцяе пакаленне
Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
isbn: 978-985-02-1090-6
isbn:
Міхалка пабег назад.
– Пераначуй, заўтра нацямочку зойдзеш, – гукнуў яму наўздагон бацька. – Цёмна ж ужо зусім.
Але дзе там мог Міхалка ўседзець на адным месцы! Ён бег назад, трымаючы прытулены да жывата пусты мяшок. Назаўтра сам Скуратовіч быў у Міхалкавага бацькі. Седзячы ў сенцах, ён гаварыў:
– Міхалка ведае, і я вельмі баюся, каб ён не расказаў. Напэўна, і вы праз Міхалку ведаеце. Ну, злажыў я з поля крыху жыта і ярыны ў Сцепуржынскага: прыхаваць хацеў, a то гэтая развёрстка. Я туды з поля і вазіў адразу. To вы маўчыце, калі ласка! Ваш хлопец у мяне, то я яго не пакрыўджу. Няхай і да работы наладжваецца, ён у мяне як за сына будзе. Гэтулькі няшчасця на мяне навалілася раптам! Вас я аддзякую.
I ён унёс у сенцы мяшок з жытам.
– Ды ўжо нейк жа будзе, – уздыхнуў Міхалкаў бацька на ўсе свае хворыя грудзі і закашляўся. Душыўся ён кашлем доўга, аж заходзіўся.
– От гэтае няшчасце ў вас, – паспачуваў Скуратовіч.
– He дай божа нікому добраму так пакутаваць, – з вялікай шчырасцю выгаварыў Міхалкаў бацька. – Як падумаю пра дзяцей, то сэрца крывёй ацякае. Каб не дзеці, то здаецца, пад мост кінуўся б, каб не мучыцца самому і людзям не назаляць.
Скуратовіч падаў яму руку і паехаў дадому. 3 таго часу Міхалка вельмі выразна адчуў, як змяніліся да яго Скуратовічавы дачыненні. Міхалка цяпер быў лепш адзеты і ніколі не быў галодны. Час ад часу Скуратовіч засылаў што трэба і Міхалкавай сям’і.
Адзін раз увечары, кладучыся спаць, Міхалка заўважыў праз адчыненыя ў бакоўку дзверы, што Скуратовіч лёг на ложак у ботах і не раздзеючыся. За гэтыя часы Міхалка прывык глядзець на ўсё з падазронасцю; цяпер ён стараўся дадумацца, чаму так зрабіў гаспадар. Раптам Скуратовіч усхапіўся, закурыў і зачыніў дзверы. Цяпер ужо Міхалку не відно было, што робіцца ў бакоўцы. Але ён пачуў, што скрыпнуў ложак: Скуратовіч, значыцца, зноў кінуўся на пасцель, не раздзеючыся, бо за гэтакі момант ён не мог раздзецца. Ды і не чуваць было, каб ён скідаў боты: звычайна ён крэкча і грукае, калі разуваецца.
Падазронасць мучыла Міхалку. Ён думаў: «Цяпер-то Скуратовіч са мной добры, а як раней быў? Каб пайшоў сказаў, што палавіну ўсяго з поля ён звёз да Сцепуржынскага, от бы патрапятаўся б ён у мяне! От бы я яму падстроіў шыўку!»
I ён пачаў усміхацца і гаварыць сам сабе пра Скуратовіча:
– Тады папаскакаў бы. Папаенчыў бы. От бы папагнуўся б!
Памаўчаў, чмыхнуў носам, стрымліваючы смех, і зноў:
– От папабожкаў бы тады!
– Што ты кажаш? – абазваўся з бакоўкі Скуратовіч.
Міхалка спалохаўся і прыліп да пасцелі. Скуратовіч счакаў крыху, пасля мармытнуў:
– Праз сон гаворыць, ці якое яму ліха.
«Няхай лепш табе ліха, думаў Міхалка, от як узлуюся, то не паможа тады ні сала тваё, ні жыта».
Ён ляжаў і не мог заснуць. Прайшла, можа, гадзіна, калі не больш. Міхалку ўжо браў сон. Раптам зноў пачуў, што скрыпнуў ложак і пасля як бы прыглушаныя крокі. Скуратовіч СКАЧАТЬ