Трэцяе пакаленне. Кузьма Чорны
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Трэцяе пакаленне - Кузьма Чорны страница 1

Название: Трэцяе пакаленне

Автор: Кузьма Чорны

Издательство: Электронная книгарня

Жанр: Литература 20 века

Серия:

isbn: 978-985-02-1090-6

isbn:

СКАЧАТЬ ў. Скрозь блішчала роснае ржышча і на ім – снапы. Фыркаў конь, выбіраючы траву.

      Кандрат Назарэўскі аніяк не аддаваў увагі ні сонцу, ні цішыні на полі і ў лесе. За апошнія гады яму ўелася ў косці ўсё гэта і зімой, і ўлетку. Вайна заўсёды адбываецца і ў полі, і ў лесе, а Кандрат Назарэўскі з самага пачатку вайны з палякамі фронту ніколі не пакідаў. Ён нёс цяпер у сабе радасную здаволенасць. Уся мясцовасць, якою ён цяпер ішоў, была ўжо некалькі дзён савецкая. Чырвоная Армія ўжо далёка прайшла наперад. Праз дні два ён дабярэцца дадому, да бацькі, і за месячны водпуск паправіцца ад лёгкай вінтовачнай раны ў назе і тупога болю ў плячах і шыі.

      Ён меў пры сабе нарад на фурманку з суседняга хутара. Гэтага хутара ён і шукаў цяпер. За гадзіну часу да гэтага ён пакідаў свой начлег у вёсцы, за лесам; перад адыходам сядзеў на прызбе, а гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад на Скуратовічаў хутар, каб там далі чырвонаармейцу Назарэўскаму фурманку. Даючы яму ў рукі паперу, стараста як бы апраўдваўся:

      – Тут вёрст нават дзвюх не будзе, от так проста, паўз лес. Я вам з вёскі даў бы каня, дык усе ў абоз пад Варшаву паехалі, а ў каго дзе конь дома, дык на ім уся вёска з поля снапы возіць. А ў Скуратовіча трое коней, і, я ведаю, усе дома. Ён коні ў лесе хавае. Вы адно націскайце на яго добра.

      Кандрат Назарэўскі заўважыў, што чым больш падаваўся ён на ўсход, тым больш згладжваліся на зямлі сляды нядаўняй вайны. А тут ужо зусім як бы забыліся людзі на гэтую страшную навалу – скрозь спакойна рабілі сваю работу. Чалавек на полі сказаў яму, што зараз будзе вузкая дарога ў лес, на Скуратовічаў хутар.

      Лесам Кандрат Назарэўскі не ішоў доўга. Дарога ў лесе адразу пайшла ў лог. Пачаўся густы ельнік. Пры дарозе папараць зусім была мокрая ад расы. Каршачок плаваў над ельнікам, дзесьці блізка сакаталі куры. Неўзабаве бліснула паляна. Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку, вузкая дарога ўся была ў высокай траве. Дуплаватыя дзічкі сям-там раслі на полі. Скрозь быў іржэўнік з-пад жыта і ярыны. Авёс стаяў на полі ў крыжыках. Навокал быў лес – яліна і хвоя, толькі з аднаго боку поле злівалася з небам і ледзь відны былі з-за ўзгорка вярхі хатніх стрэх.

      Кандрата Назарэўскага спаткалі сабакі страшэнным брэхам. Двор быў абгароджаны старым частаколам. Яловыя частаколіны парассоўваліся ў бакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі. Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы, стаялі над мураваным скляпком. Насупраць склепа адчынена была шырокая стайня. Кандрат Назарэўскі туды адразу і рушыў. Коней нідзе не чуваць было. I нікога нідзе. Два сабакі проста-такі рвалі чырвонаармейца, стараліся хапаць зубамі за абмоткі на нагах, аж захлёбваліся прарэзлівым брэхам. Чалавек хапіў з-пад ног ламачыну, махануў навокал сябе, сабакі адскочылі і з большай яшчэ заядласцю кінуліся зноў. Нарэшце адзін ірвануў-такі зубамі за нагу. Чалавекам апанавала злосць. Ён папусціў ламачынаю і якраз уцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Сабака заенчыў, падтуліў хвост і кінуўся наўцёкі. Імчаўся проста пад нізкую агароджу, за якой стаяў дамок з жоўтымі вокнамі. Недзе ўжо там сабака захлёбваўся немым енкам, а другі кідаўся на чырвонаармейца. Але з адным сабакам саўладаць было лягчэй. Чырвонаармеец пайшоў к дамку. Ніхто ніадкуль не выходзіў. Чырвонаармеец узышоў на гнілы ганак, усходы якога ляжалі на падстаўленых каменях і гнуліся пад нагамі. Дзверы замкнёны не былі, і чырвонаармеец увайшоў у маленькія сенцы на падлозе. Сабака астаўся на двары. Пасля сянец быў пакой, немалы паводле самога дамка.

      Цяпер ужо нельга было не абазвацца, калі чужы чалавек увайшоў у хату, і з бакоўкі абазваўся жаночы голас:

      – Хто там?

      Старая жанчына ўвайшла з бакоўкі. Трэба думаць, што яна праз акно бачыла, на каго брахалі сабакі, бо нешта вельмі ж ужо адразу сказала:

      – Чаго вам трэба, таварыш?

      – Мне трэба фурманка, – адказаў Кандрат Назарэўскі. – От паперка ад старасты. Я ранены і хворы, еду дадому на папраўку.

      Апошнюю фразу ён дадаў, убачыўшы халодны позірк старой жанчыны.

      – А ці далёка вам ехаць?

      – Вёрст сорак.

      – Яно такі і трэба было б даць вам фурманку, але ж коней нашых няма дома. Усе ў абозе. Тры кані было, дык аднаго палякі пагналі з сабою, а два – у абозе. 3 чырвонаармейцамі паехалі… I ліха яго ведае, гэтага старасту, чаго ён ад нас хоча, чаго ён да нас чэпіцца. Ён жа ведае, што коней нашых дома няма.

      Кандрат Назарэўскі паспрабаваў узяць па добрасці:

      – Я скрозь не паеду на вашай фурманцы. Вёрст дваццаць, пятнаццаць праеду, а там фурманку змяню.

      – Дык дзе ж я вам вазьму тую фурманку!

      Кандрат Назарэўскі сеў на старасвецкую, абточаную шашалем, канапу. Пасля валтузні з сабакамі рана на назе пачала ныць. Занылі плечы, грудзі. Ён пайшоў на адкрытую:

      – Давайце зараз жа фурманку!

      Жанчына паціснула СКАЧАТЬ