Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч страница 34

СКАЧАТЬ пяцьдзясят тысяч жыхароў. Ільвіную долю, як заўжды, складалі габрэі, потым ішлі прыезджыя маскалі, стараверы і тутэйшыя беларусы, палякі, татары, немцы, а таксама крыху розных іншых народаў. Ёсць фабрыкі, канцылярыі розныя, колькі расійскіх сярэдніх школ, жаночая гімназія і рамесніцкая школа. Ёсць цэрквы – гарнізонная і парафіяльная, сінагогі, стараверскі храм, кірха і малітоўныя дамы іншых канфесій.

      І касцёл тут таксама быў – Найсвяцейшай Тройцы. Новы, пабудаваны адразу пасля японскай вайны, калі часткова вярнулася свабода веравызнання. Паставіў яго ксёндз дэкан, а пазней канонік Красінскі, палымяны святар і патрыёт, вечныя гонар і слава ягонай памяці. Дагэтуль стапяцідзесяцітысячная парафія вымушаная была абыходзіцца маленькай капліцай. З ранейшых касцёлаў адзін перарабілі на царкву, другі, на няшчасце, згарэў. Маскалі прагнулі дашчэнту зруйнаваць надбярэзінскую сталіцу.

      Цяперашні касцёл быў мураваны і веліччу пераўзыходзіў усе гмахі, усе храмы горада. Вежа высокая – аж страшна ўніз зірнуць. Унутры – цудоўныя калоны, прастору шмат, усюды святыя рэліквіі, увесь упрыгожаны па-мастацку. Трайны алтар са спічастымі вежачкамі, з разьбою. Найпякнейшыя каштоўныя жырандолі. Лес харугваў і багатых штандараў. Пры сценах вялізныя абразы і статуі святых. Вітражныя вокны. Лаўкі, крэслы, прастолы, спавядальні радуюць вока. Арган уражвае так, што калі б арганіст яго на поўную сілу завёў, то, кажуць, у чалавека сэрца разарвалася б. Калі білі ў званы, чуў увесь горад. Кафедральны сабор не пагрэбаваў бы будынкам і багаццем бабруйскага дэканацкага касцёла.

      XIV. Шэсце

      У горадзе ўсе разышліся па дамах знаёмцаў. Стах з Косцікам, Каруся, сямействы Трызнаў, Сцяпураў, Пятроўскіх падаліся да пана Хмары, што жыў у паўночнай частцы Бабруйска і да якога ў двор меліся заехаць таксама іх фурманкі.

      Па прыходзе яны ўбачылі, што фурманкі ўжо там. Увесь дзядзінец быў застаўлены павозкамі, а дом запоўніўся знаёмцамі Хмары з абодвух берагоў Бярэзіны. Галас стаяў нібы на кірмашы.

      Праз недахоп месца і пасцеляў маладым паслалі сеннікі на падлозе, але асобна, каб хлопцы ніякай спакусы да дзяўчат не адчулі – многія ж на споведзь збіраліся. Косціка, Стаха, Лапаносага і іншых маладзейшых хлопцаў адправілі начаваць на гарышча.

      Стах перакусіў крыху і палез наверх, бо пасля ўтомнага, амаль дваццацігадзіннага падарожжа яго хіліла ў сон. Адразу за ім палез і Косцік.

      – Ведаеш што, Стах, – прашаптаў ён на вуха сябру, улёгшыся, – я так хачу тую харугву панесці, што не лезе ў рот ні хлеб, ні сыр, ні сала. Месца сабе не знаходжу. Як думаеш, дадуць ці не?

      – Дык табе ж Уладзь ужо сказаў, што харугвы выдаюць, калі выдаюць картачкі, – буркнуў Стах, засыпаючы.

      – А, вось як… А калі картачку не дадуць, то і харугву не?

      – Хораша папросіш – дадуць.

      – Дык ты, можа, падкажаш, як трэба прасіць?

      Адказам яму быў храп.

      Косцік СКАЧАТЬ