Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч страница 26

СКАЧАТЬ суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці й братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.

      У хаце Ладана было поўна людзей – спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.

      Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаў і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:

      – Гэта твой бацька?

      – Ага, мой.

      – Як цябе зваць?

      – Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.

      – Дванаццаць? – усклікнуў суразмоўца. – Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен? – дадаў ён праз імгненне. – Я Адась Сцяпура.

      – Старшыняваць – гэта як?

      – А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.

      – Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» – таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.

      – Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.

      – Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.

      Яны адышлі да сярэдзіны дзядзінца на роўнае месца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму – усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха пхнуць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:

      – Здаешся ці яшчэ хочаш?

      – Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць! – закрычалі хлопцы.

      – Болей не хачу, камандуй, – абвясціў Стах.

      – О, давай пяць! – усцешыўся Адась, узяў Стаха за руку, дапамог падняцца і абтрэсці смецце. – Але ж ты і моцны, няслабы такі, – хваліў ён былога саперніка, каб у вачах таварышаў падняць каштоўнасць сваёй перамогі. – Косці ў цябе трывалыя і спрыту шмат.

      А праз хвіліну дадаў:

      – Калі б ты сабе яшчэ крыві прыбавіў і жылы мацнейшымі зрабіў, то невядома, ці справіўся б я з табою.

      – Што значыць «крыві прыбавіў»? – здзівіўся Стах.

      – А ты думаеш, што сіла да цябе сама прыйдзе? Сілу трэба ўмець збіраць.

      – Як жа яе збіраць?

      – А гэта, браце, ужо сакрэт. У Смалярні такіх нас толькі двое – хто ведае.

      – Раскажы і мне, Адаську, калі ласка! – узмаліўся Стах.

      – Каб ты мяне потым паваліў? СКАЧАТЬ