Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская страница 9

СКАЧАТЬ асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня – на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.

      А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў – гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.

      У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.

      Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае “нешта” пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.

      Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае “цэнзары”, прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…

      Так што назад, у Менск, дарогі няма.

      – І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? – зацікаўлена спытаўся Лёднік.

      – А нератам! – зарагатаў Пранцысь. – Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!

      Бутрымус амаль з павагай пасміхнуўся.

      – А сшытак сябрука твайго пры табе?

      – Вось… – Пранцысь дастаў патрапаную зялёную кніжыцу. Лёднік нечакана з пашанотай пагладзіў скураную вокладку, усеўся на крэсла і паглыбіўся ў чытво, ледзь не водзячы доўгім носам па старонках. Праз нейкі час нібыта стамлёна адкінуўся, заплюшчыўшы вочы, і са скрухай прамовіў:

      – Гасподзь забірае лепшых… – памаўчаў, ціха папрасіў:—Можна я пакуль пакіну гэтыя запісы пры сабе?

      Пранцысь дазволіў… Вараня хацеў бы, напэўна, каб нейкі знаўца ацаніў ягоныя мудраванні.

      Унізе ажывала карчма. Чуліся нечыя сонныя галасы, застукаў каваль у кузні… Вось ужо нехта СКАЧАТЬ