Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская страница 10

СКАЧАТЬ ў высокую прычоску, упрыгожаную блакітнымі стужкамі, зусім не быў млява-рахманы, як належала прыстойнай чароўнай даме, а самы што ні на ёсць круцельскі. Аблічча гэтае Пранцішу было знаёма: ён бачыў яго ў ганаровай ложы школьнага тэатру, падчас прэм’еры п’есы “Брама неўміручасці” аўтарства двух шкаляроў з апошняга курсу, а насамрэч – Вараняці-Дзянісія. П’еса распавядала пра бязвінна загінулых благаверных князёў Барыса і Глеба ды праслаўляла слаўныя роды фундатараў школы, у тым ліку ваяводы князя Багінскага, які ашчаслівіў сваім наведваннем калегіюм. Князь нядаўна вярнуўся з Францыі і прывёз з сабой найноўшыя павевы французскай моды. Так што ўся зала, да абурэння айцоў езуітаў, глядзела не столькі на сцэну, колькі на расшыты перлінамі жустакор, вадаспады карункаў ды закручаны баранчыкам парык ваяводы. Вось ля яснавяльможнага Багінскага, мажнога, круглатварага, і свяцілася прыгажосцю гэтая кветка, паненка Паланэйка Багінская, ягоная малодшая сястра, якая таксама прываблівала пагляд падобнай да вялізнага торта з крэмавымі кветкамі сукенкай-рагоўкай на абручах з кітовага вуса, з наймаднейшай ружова-блакітнай тканіны ў дробныя букецікі, як у фаварыткі французскага караля мадам Пампадур. Сукенка была “лакцёвай” – у ёй нельга апусціць рукі, даводзілася трымаць іх сагнутымі ў локцях, не ў кожныя дзверы ўвойдзеш, а з шоўку, што пайшоў на гэты ўбор, можна было пашыць прынамсі тры сукенкі звычных памераў. Малады князь Міхал меў ажно шэсць сясцёр, і выгадаваўся, як адны казалі, сярод музаў, другія – сярод гарпій. Характарам мяккі, найбольш музыцы ды маляванню хацеў жыццё прысвяціць… Але дзе там! Радня ў палітыку калом пхае, як смаргонскага мядзведзя на кірмашовы пляц. Стаў ваяводам, а яны пад’южваюць – а чым ты не кароль? Паслалі Багінскага ад саксонскага двара з дыпламатычнай місіяй ў Санкт-Пецярбург, падбілі ўключыцца ў барацьбу за схільнае да любові сэрца маладой жонкі наследніка трону Кацярыны – яна, маўляў, усё будзе вырашаць у будучым, а не ейны нягеглы мужык… Стаць каханкам расійскай царыцы – трывалая прыступка да ўласнага трону! Толькі дарэмна, не запалілася прынцэса ад гэтага агню. Відаць, ёй не падабаліся мяккія ды нерашучыя, хаця й умеў князь выдатна граць на флейце, сачыняў музыку і маляваў карціны не горш за італьянскіх майстроў. Больш да сэрца прыйшоўся будучай царыцы польскі пасол, прыгажун Станіслаў Панятоўскі. І цяпер князь Міхал казаў усім выглядам пра сваё разбітае сэрца і рамантычныя марэнні.

      Вось Паланэя Багінская па характары цалкам магла б царыцай стаць. Фанабэрый было ў паненкі-кветкі, як пчолаў вакол раскіданага вулля, так што шкаляры толькі здалёк насмельваліся аблізваць спакуснае цуда позіркамі – не па галаве шапка. Пранцысь, якому выпаў сумніўны гонар іграць у п’есе падступнага князя Святаполка, асабліва запомніў дзве чорныя мушкі з тафты, якімі паненка ўпрыгожыла набелены тварык – над правым брывом і злева каля носіка, што азначала, што сэрца паненкі свабоднае, але падступіцца да яе цяжка. Тады яе цёмныя валасы былі схаваныя пад высокім напудраным СКАЧАТЬ