Восень у Вільнюсе (зборнік). Маргарыта Прохар
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Восень у Вільнюсе (зборнік) - Маргарыта Прохар страница 15

СКАЧАТЬ style="font-size:15px;">      – Калі… Калі яна мёртвая? Вы захочаце даведацца пра гэта?

      – Яна не можа быць мёртвая!.. Не можа, вы зразумелі?! – ён амаль крычаў у трубку.

      – Адкуль жа вы гэта ведаеце? Усякае можа быць…

      – Яна жывая. Працягвайце пошукі! – і ён выключыў тэлефон.

      Гэтая гутарка пакінула дзіўны асадак у маёй душы. Мне здавалася, што я зразумела ўсе тайны, але цяпер у мяне ўзнікла адчуванне, што самае галоўнае мною не толькі не разгадана, але я нават не ведаю, у чым яно можа заключацца. Нейкая надзвычай, глыбокая загадка, быццам падвойнае дно ўсёй гэтай гісторыі.

      Але цяпер мне ўжо няма калі разважаць: я павінна выконваць умовы – збірацца ў гэты начны рэстаранчык, хоць у мяне было непераадольнае перакананне, што і там я яе не знайду…

      Але я ўсё ж адправілася ў гэты рэстаранчык, дакладней, начны клуб. Дэманстратыўна захапіла аранжавыя шары, набытыя напярэдадні ў прадаўца шчасця, і адправілася адбываць час у гэтай мала цікавай мне ўстанове.

      Як я і меркавала, дзяўчыну на фота пазналі пастаянныя наведвальнікі, але сказалі, што даўно яе не бачылі і не ведаюць, дзе яна можа быць.

      Я села за стойку, заказала напой. Грукатала музыка, у танцы выгіналіся бясконца зменлівыя пары, і праз гадзінупаўтары я чамусьці адчула, што рытмы і шум цалкам супакоілі мае нервы. Яны страцілі адчувальнасць, усё ўнутры было расслабленым і млявым. Музыка ўжывалася ў свядомасць, мітуслівыя рознакаляровыя агні больш не білі ў вочы. Свет здаваўся такім спакойным і вясёлым, таму што тут усе адпачывалі ад напружанага жыцця…

      Можа, менавіта гэтага яна шукала тут, праседжваючы рэшту ночы пасля танцаў?..

      Але, каб спытаць аб гэтым, трэба знайсці яе. Або таго хлопца, пра якога я даведалася з зялёнага нататніка. Няўжо мой працадаўца ніколі так і не пагаварыў з ім? Або ён нешта не дагаворвае? Нешта, звязанае з гэтым хлопцам. Але каб даведацца пра гэта, прыйдзецца прызнацца, што я прачыталатакі гэты зялёны нататнік. Не вельмі прыемнае рашэнне, але ўсё ж я – дэтэктыў. І мне плацяць грошы зусім не за ўрокі па этыкеце.

      З гэтай думкай у шэсць гадзін я пакінула начны клуб, сумленна дасядзеўшы да яго закрыцця.

      Над Вільнюсам праразалася звычайная халаднаватая восеньская раніца. У апошніх астываючых агнях раставаў бялявы туман, асоўваючыся на шэрыя камяні старых будынкаў. Мая млявасць паступова знікала, саступаючы жаданню проста спаць – спаць доўгім восеньскім сном. Мне будзе сніцца лістапад над Вільнюсам, аранжавыя шары шчасця і гэтая дзіўная дзяўчына, якая дзесьці ёсць у гэтай вільнюскай восені. Я заўважыла яе – яна бяжыць, не, хутчэй ляціць над яшчэ сонным горадам, і ў смузе праступаюць яе лёгкія сляды. Яна абарочваецца, я гляджу на яе твар. Яна хітае галавой, нібы забараняе мне ісці за ёю. І прыціскае палец да вуснаў, быццам гэтым знакам просіць мяне: маўчы, нікому нічога не гавары, табе трэба спаць, спаць…

      Я працягваю да яе рукі, і раптам упіраюся ў спінку сядзення: я ў таксі, я задрамала і ўбачыла яе. Зрэшты, нічога дзіўнага ў гэтым няма: я так шмат думаю пра яе…

      Але ні сон, ні мроі, ні мае разважанні над яе характарам – нішто не дапамагло мне здагадацца, дзе ж яе шукаць.

СКАЧАТЬ