Название: Завеі, снежань
Автор: Іван Мележ
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
isbn: 978-985-02-0190-4
isbn:
Вайна ў любы момант, паказваў Башлыкоў, гатова ўварвацца ў нашы гарады і сёлы. У нашы хаты. Паліць наша дабро, прымусіць туляцца па лясах нашых дзяцей, нашы сем'і. Вайна ўвесь час стаіць каля граніцы Савецкага Саюза. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу слабасць, любы зручны момант. Гэта абавязвае нас быць увесь час напагатове, трымаць порах сухім. Не дапускаць ніякай слабасці ў нашых радах.
Ганна лавіла кожнае яго слова. Яго клопатнасць, трывога і яго гнеў хвалявалі Ганну, уводзілі яе ў свет, які яна не ведала і які, аказваецца, так гразіўся ёй, усім людзям, і гэтым, і многім іншым на свеце, што жывуць бесклапотна, слепа. Яго хваляванне пра ўсё гэта і між усяго – таксама ж і пра яе, зноў непрыкметна і хораша збліжалі яе з ім, ядналі. Узрушаная, захопленая тым, што ён гаворыць, яна раз і другі дзівілася, як ён багата ведае. Ведае, што робіцца на ўсім свеце. «Було за што паставіць над раёнам! – падумала з гонарам і неадступнай рэўнасцю. – Е ж такія адукаваныя!..»
Ёй падабалася дзіўна тое, што ён часам гаворыць не так, як іншыя, быццам незразумела, па-вучонаму: да таго адукаваны, што дацягнуцца няпроста.
Строгім, трывожным быў Башлыкоў і тады, калі пачаў расказваць, што робіцца ў нашай краіне. Унутры СССР бальшавіцкае наступленне, адкрыта паведаміў ён, ідзе ў няспыннай барацьбе з самымі рознымі варожымі сіламі, якія ўсімі спосабамі імкнуцца падарваць нашу краіну знутры… Не зважаючы на тое, што бальшавіцкая партыя вядзе бой з ворагамі ўсіх масцей, гэтае супраціўленне не толькі не заціхае, а ўсё абвастраецца і стварае яшчэ большыя цяжкасці на нашым шляху. І калі мы ўсё ж дабіліся вялізных поспехаў у будаўніцтве сацыялізма, то гэта толькі гаворыць пра непераможную сілу Савецкага Саюза… Голас Башлыкова палагоднеў, нават павесялеў, калі ён з захапленнем, многімі прыкладамі, пачаў расказваць, як ператварае Савецкую краіну індустрыялізацыя, што разгортваецца па плану пяцігодкі. Далёкія Магнітагорск, Чэлябінск, Харкаў раптам аказаліся быццам блізкімі сваякамі і памочнікамі іх Глінішчаў, іх надзейнымі абаронцамі. Праўда, Ганна заўважыла, што тут увага да Башлыкова і яго ўплыў на людзей прыкметна паслабелі. Людзі варушыліся, у вачах паявіліся нецікаўнасць, недавер'е. Нібы казаў пра неабавязковае і пра такое, пра што можна варажыць па-рознаму. У гэты момант прамова Башлыкова страціла багата сваёй сілы.
– Што мы маем у сельскай гаспадарцы? – Башлыкоў зрабіў паўзу, як бы даваў час падрыхтавацца да новага, СКАЧАТЬ