Название: Завеі, снежань
Автор: Іван Мележ
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Литература 20 века
isbn: 978-985-02-0190-4
isbn:
За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:
– А зараз выступіць наша настаўніца – Параскева Андрэеўна Дарошка!
Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае – хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…
– О тут Барыс сказаў, – весела кіўнула яна на Барыса, – сказаў – зараз выступіць настаўніца!.. Я – настаўніца. Я – чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. – Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. – Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна – вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі – настаўнік у вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, – у голасе пачулася гарэзнасць, – і кум, і сват, і – чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар – гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу – і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. – Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! – Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка – потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. – Параска горка пашкадавала: – А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. – Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: – Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! – асцярожна параіла яна. – Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..
– Думай не думай, адна трасца! – перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.
– Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..
– Няма чаго папраўляць!..
– Не збівай хоць ты, Параска!
СКАЧАТЬ