Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Прыгоды ўдалага салдата Швейка - Яраслаў Гашак страница 4

СКАЧАТЬ вам нічога не скажу.

      Брэтшнайдэр устаў і ўрачыста прамовіў:

      – Больш вам нічога гаварыць і не трэба. Выйдзіце са мной на калідор, я вам нешта скажу.

      Швейк выйшаў за тайным агентам у калідор, дзе яго чакаў невялікі неспадзяванак: яго сусед па століку паказаў яму арла* і заявіў, што Швейк арыштаваны і ён неадкладна адвядзе яго ў паліцэйскую ўправу. Швейк паспрабаваў вытлумачыць, што пан, напэўна, памыляецца, бо ён нічым не правініўся і не вымавіў ніводнага слова, якое магло б каго-небудзь зняважыць.

      Аднак Брэтшнайдэр заявіў, што ў сапраўднасці Швейк учыніў некалькі злачынстваў, сярод якіх мела месца і дзяржаўная здрада.

      Потым абодва вярнуліся ў шынок, і Швейк сказаў Паліўцу:

      – Я выпіў пяць куфляў піва і з’еў рагалік з сасіскай. Дай мне яшчэ чарку слівавіцы, і я пайду, бо мяне арыштавалі.

      Брэтшнайдэр нейкі час пазіраў на Паліўца, потым паказаў арла і яму і спытаў:

      – Вы жанаты?

      – Так.

      – А ці можа ваша жонка замест вас весці гандаль у час вашай адсутнасці?

      – Можа.

      – Тады ўсё ў парадку, пан шынкар, – весела сказаў Брэтшнайдэр. – Паклічце сюды вашу жонку і перадайце ёй усе справы. Увечары за вамі прыедзем.

      – Не бяры да галавы, – суцяшаў шынкара Швейк. – Я арыштаваны ўсяго толькі за дзяржаўную здраду.

      – А я за што? – бедаваў пан Палівец. – Я ж быў такі асцярожны!

      Брэтшнайдэр усміхнуўся і з выглядам пераможцы сказаў:

      – За тое, што вы сказалі, быццам на пана імператара паскудзілі мухі. Вам гэтага пана імператара выб’юць з галавы.

      Швейк пакінуў шынок «Ля келіха» ў суправаджэнні агента тайнай паліцыі. Калі яны выйшлі на вуліцу, Швейк, зазіраючы яму ў твар, са сваёй дабрадушнай усмешкай спытаў:

      – Мне сысці з ходніка?

      – Навошта?

      – Я думаю, калі я арыштаваны, то не маю права ісці па ходніку.

      Уваходзячы ў браму паліцэйскай управы, Швейк зазначыў:

      – Добра прабавілі час! Вы часта бываеце ў шынку «Ля келіха»?

      У той час, калі Швейка вялі ў канцылярыю паліцыі, у шынку «Ля келіха» пан Палівец перадаваў справы сваёй заплаканай жонцы, на свой лад яе суцяшаючы:

      – Не плач, не хліпай! Што яны могуць мне зрабіць за абгаджаны партрэт пана імператара?

      Такім вабным, прынадным чынам уступіў у сусветную вайну ўдалы салдат Швейк. Гісторыкаў будзе цікавіць, як мог ён так далёка зазірнуць у будучыню. Калі пазней сітуацыя разгарнулася інакш, чым ён меркаваў «Ля келіха», то мы павінны мець на ўвазе, што ён не атрымаў нават азоў дыпламатычнай адукацыі.

      Раздзел II. Удалы салдат Швейк у паліцэйскай управе

      Замах у Сараеве напоўніў паліцэйскую ўправу шматлікімі ахвярамі. Іх прыводзілі адну за адной, і стары інспектар у канцылярыі, дзе прымалі арыштаваных, СКАЧАТЬ