Планета ў падарунак. Людмила Рублевская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Планета ў падарунак - Людмила Рублевская страница 11

СКАЧАТЬ раскашаваў гладыёлусамі, у цётчыным садзе ўжо пачалі жаўцець бакамі нават антонавы яблыкі – такі ён быў спякотны, гарачы, зыркі. За нейкі тыдзень яны перагаварылі з цёткаю ўсё, што толькі можна было перагаварыць, а потым… Потым яна аблюбавала сабе мясцінку на мясцовым пляжы і з самай раніцы ледзь не да адвячорка адчайвалася ва ўспамінах ці, наадварот, натхнялася марамі, аддаючы ўсю сябе сонцу.

      Пляж стракацеў капелюшамі, бейсболкамі, купальнікамі, і хоць бы адзіны знаёмы твар! А яна правяла ў гэтым мястэчку ледзь не ўсё сваё дзяцінства. Тут нават ёсць у яе сяброўка, але той не да пляжа. Мясцовыя, напэўна, і не ходзяць на пляж. У вольныя хвіліны парадкуюць гароды, а гэты гарачы пясок – для прыезджых, як яна, у адпачынак ды для моладзі, а хутчэй для дзятвы. І ўсё ж на тым-сім позірк спыняўся. «Вунь тая бландзінка ў модных акулярах, да якой учора некалькі разоў падсаджваўся даволі цікавы малады чалавек, – адзначала яна для сябе. – Сёння яго чамусьці не відаць. А ён і сапраўды цікавы, ва ўсялякім выпадку, знешне». Ёй падабаўся гэты тып мужчын – стрункія брунеты з шэра-сіняй мяккасцю вачэй, у якіх можа нараджацца бяздонная глыбіня, якую разгадвай – не разгадвай, а разгадаць немагчыма. Выключэннем быў Лагуцкі, і ёй упершыню пасля іх разводу не хацелася думаць пра яго. Бландзінка пазірала на гадзіннік, яна таксама палезла ў сумку, дастала і зірнула на свой, а калі падняла вочы, адчула, як штосьці трапятнулася ў сэрцы. Зверху ўніз на яе пазіраў той самы ўчарашні цікавы малады чалавек. Пазіраў не без інтарэсу і хацеў атрымаць адказ на тое, што яго зацікавіла.

      – Вы заўсёды ходзіце на пляж з пацеркамі на шыі?

      – Гэта не пацеркі, а абярэг!

      – І што за камень?

      – Не ведаю і нават ніколі не цікавілася. Мне іх неяк у цягніку падарыла адна незнаёмая бабуля. Проста падышла і сказала: «Вы ў мяне выклікаеце давер, і я вам хачу падарыць гэтую рэч. Насіце пацеркі, як абярэг».

      – У мяне вы таксама выклікаеце давер, – ён пасміхнуўся ёй. – Я прысяду. – І калі сеў побач, запытаўся: – Ну, і ад чаго аберагае гэты абярэг?

      Яна паціснула плячыма.

      – Пакуль ні ад чаго, хаця хто ведае…

      Дзесьці вельмі-вельмі далёка ў яе думках ужо гатовая была вымалявацца постаць Лагуцкага, але яна не дала ёй праявіцца, больш уважліва паглядзела на незнаёмца, адзначыўшы, што ў яго бездакорная скура з роўным загарам нават на пальцах рук.

      Ён парушыў паўзу:

      – Гнатко.

      Яна не зразумела. Ён адчуў гэта і ўдакладніў:

      – Гнатко, імя ў мяне такое.

      – Значыцца, Ігнат.

      – Не ведаю, бацькі звалі Гнатко.

      Яна назвала сябе.

      – Вунь тую бландзінку таксама Галінай завуць, – сказаў ён. – Яна, як і вы, прыезджая.

      – І як вы гэта вызначылі, што я не мясцовая?

      Бландзінка ўжо заўважыла яго і, відавочна, нервавалася, але іхняя гаворка толькі пачыналася. І зразумець гэта можа толькі жанчына, якой хочацца падабацца і якая нейкім няўлоўным СКАЧАТЬ