Смерць у Венецыі. Томас Ман
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман страница 9

СКАЧАТЬ на чыстую сцяжыну, пасыпаную жвірам, якая вяла да дома, ды на газон з маляўнічымі градкамі.

      У маленькага пана Фрыдэмана не было барады, і яго твар амаль зусім не змяніўся, толькі рысы крыху абвастрыліся. Яго мяккія русыя валасы былі гладка зачасаныя набок.

      Калі ён апусціў кніжку на самыя калені і, міргаючы, зірнуў у сонечнае неба, ён сказаў самому сабе: «Вось і трыццаць гадоў мінула. Магчыма, пройдуць яшчэ дзесяць ці нават дваццаць. Толькі Бог ведае. Яны прыплывуць і праплывуць ціха і бясшумна міма, як і былыя; я чакаю іх з душэўным спакоем».

      VI

      У ліпені таго самага года адбылася змена ў акруговай камендатуры, якая ўстрывожыла ўсё і ўсіх. Мажны, зычлівы пан, які на працягу гадоў займаў гэтую пасаду, карыстаўся ў грамадскіх колах папулярнасцю, і людзі не адчувалі радасці праз тое, што ён сыходзіць. Толькі Бог ведае, з якой прычыны сюды са сталіцы трапіў пан фон Рынлінген. Замена, зрэшты, атрымалася, здаецца, неблагая, бо новы падпалкоўнік, жанаты, але без дзяцей, арандаваў у паўднёвым прыгарадзе вельмі прасторную вілу, з чаго зрабілі выснову, што ён меў намер атабарыцца тут надоўга. Ва ўсякім разе, чуткі, што ён надзвычай багаты, пацвярджаліся і тым, што ён прывёз з сабою чатырох пасыльных, пяць верхавых ды запражных коней, ландо і лёгкую карэту.

      Муж з жонкай неўзабаве пасля свайго прыезду пачалі наносіць візіты паважаным сем’ям, і іх імя было ва ўсіх на языку; але галоўную цікавасць выклікаў зусім не сам гер фон Рынлінген, а яго жонка. Паны-мужчыны разгубіліся і спачатку не маглі нічога выказаць; а вось дамы якраз не засталіся абыякавымі наконт такой з’явы, як Герда фон Рынлінген.

      «Сталічная штучка, – выказалася фрау Хагенштром, жонка адваката, у размове з Генрыэтай Фрыдэман, – ну, вядома. Яна паліць, яна ездзіць конна – згодна! Але яе паводзіны не толькі вольныя – яны бесцырымонныя, і гэта яшчэ не зусім тое слова… Паглядзіце, непрыгожай яе на назавеш, пра яе нават можна было б сказаць: мілая… І ўсё-такі ў ёй адсутнічае жаночая прывабнасць, і ў яе позірку, яе смеху, яе рухах няма ўсяго таго, што любяць мужчыны. Яна не какетка, і я, Бог за сведку, ніколі не скажу, што гэта кепска; але ці можа такая маладая жанчына – ёй дваццаць чатыры гады – абсалютна бесклапотна не ўлічваць натуральную прыцягальную сілу жаноцкасці? Шаноўная, я не люблю лухты, я ведаю, што кажу. Нашы мужчыны пакуль што ашаломленыя: Вы ўбачыце, што праз некалькі тыдняў яны, цалкам расчараваныя, адвернуцца ад яе».

      «Што ж, – сказала фройляйн Фрыдэман, – яна выдатна забяспечаная».

      «Так, яе муж! – усклікнула фрау Хагенштром. – Як яна абыходзіцца з ім? Вам варта было б убачыць! Вы ўбачыце! Я першая, хто настойвае на тым, што замужняя жанчына ў дачыненні да супрацьлеглага полу павінна ставіцца да пэўнай ступені стрымана. А як яна паводзіць сябе ў дачыненні да ўласнага мужа? У яе такая завядзёнка – холадна пазіраць на яго і звяртацца са спачувальным тонам „любы сябра“; гэта выклікае ў мяне шаленства! Але ж трэба бачыць яго – карэктны, з рыцарскай выпраўкай, саракагадовы мужчына, СКАЧАТЬ