Смерць у Венецыі. Томас Ман
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Смерць у Венецыі - Томас Ман страница 10

СКАЧАТЬ што ёй было вельмі да твару; пра прыгажосць яе рота меркаваць не было як, бо яна ўвесь час выцягвала наперад і забірала назад ніжнюю губу, шаруючы ёй па верхняй.

      Купец Штэфэнс, калі карэта пад’ехала, павітаўся надзвычай пашанотна, маленькі пан Фрыдэман таксама прыўзняў капялюш, глянуўшы на фрау фон Рынлінген адкрыта і ўважліва. Яна апусціла свой бізун, лёгка кіўнула галавою і паволі праехала міма, разглядваючы будынкі і вітрыны злева і справа.

      Праз пару крокаў купец сказаў:

      «Яна зрабіла паездку-шпацыр, а цяпер накіруецца дадому».

      Маленькі пан Фрыдэман не адказаў, гледзячы толькі на дарогу перад сабою. Потым ён раптам зірнуў на купца і спытаў:

      «Што Вы сказалі?»

      І пан Штэфэнс паўтарыў сваю дасціпную заўвагу.

      VIII

      Праз тры дні а дванаццатай гадзіне Ёганэс Фрыдэман вярнуўся дадому са свайго рэгулярнага шпацыру. Палуднавалі а палове першай, таму ён вырашыў яшчэ на паўгадзінкі схадзіць у свой «кабінет», які знаходзіўся адразу справа побач з дзвярыма ў дом. У гэты момант да яго па калідоры падышла служанка і сказала:

      «Да Вас прыйшлі, пан Фрыдэман».

      «Да мяне?»

      «Не, там наверсе, у дам».

      «А хто?»

      «Пан падпалкоўнік фон Рынлінген з жонкай».

      «О, – сказаў пан Фрыдэман, – тады я…»

      І ён пайшоў уверх па сходах. Наверсе пераадолеў адлегласць да дзвярэй і ўжо трымаўся за ручку высокіх, белых дзвярэй, якія вялі да «пейзажнага пакоя», як раптам ён стрымаўся, адступіў на крок, павярнуўся назад і паволі пайшоў уніз, як і прыйшоў.

      І хоць ён быў зусім адзін, сказаў вельмі гучна сам сабе:

      «Не. Лепш не трэба…»

      Ён спусціўся ў свой «кабінет», сеў за пісьмовы стол і ўзяў у рукі газету. Але праз хвіліну ён зноў паклаў яе і зірнуў збоку ў акно. Так ён і праседзеў, аж пакуль не прыйшла дзяўчына і не паведаміла, што ўсё гатова; тады ён накіраваўся наверх у сталовую, дзе ўжо яго чакалі сёстры, і сеў на сваё крэсла, на якім ляжалі тры сшыткі з запісамі нот.

      Генрыэта, якая налівала суп, сказала:

      «Ведаеш, Ёганэс, хто тут быў?»

      «Хто ж?»

      «Новы падпалкоўнік з жонкай».

      «Праўда? Гэта вельмі прыязна».

      «Праўда, – сказала Пфіфі, і ў куточках яе рота з’явілася вадкасць, – я лічу, што яны абое – надзвычай прыемныя людзі».

      «Ва ўсякім разе, – сказала Фрыдэрыка, – нам нельга марудзіць з візітам у адказ. Я прапаную пайсці паслязаўтра, у нядзелю».

      «У нядзелю», – сказалі Генрыэта і Пфіфі.

      «Ты ж пойдзеш з намі, Ёганэс?» – спытала Фрыдэрыка.

      «Само сабою!» – сказала Пфіфі і здрыганулася. Пан Фрыдэман не зрэагаваў на пытанне і з маўкліва баязлівым выразам твару даядаў суп. Было такое ўражанне, што ён прыслухоўваецца ў нейкім напрамку; да нейкага нядобрага шуму.

      IX

СКАЧАТЬ