Название: Выкраданьне вепрука
Автор: Ігар Сідарук
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-39-1
isbn:
Да самае цёмнае начы ладаваў кіроўца арыштантамі свой аўтобус. Падазронага электрыка ён зьдзер проста з тэлеграфнага слупу разам з “кошкамі” ды ланцугамі, дзьве цётухны нейкае халеры стаялі от так сабе пры дарозе ды немаведама пра што балабонілі, нейкі сівізны дзядзька бартаваў побач са сваім “Запарожчыкам” прабітае кола, на хутары, дзе нармальнаму чалавеку й жыць немагчыма, сяміска, па ўсім відаць, добрых куркулёў перабірала мінулагоднюю бульбу, непадалёк ад хутару, таксама пры дарозе, адна лядачая кабетухна прадавала зь вядра яблыкі-піпенкі, узбоч лесу сухаплюжны татка, таўсмужная мамка ды дзьве цыбатыя дзевачкі-пераростачкі шуравалі з грыбоў, перакрыўлены дзед з кульбачкаю пераганяў цераз дарогу статак каровак, якія пачалі рыкаць па-дурному, калі кіроўца застаўбурыў дзядка ў аўтобус, на пустэльнае АЗС касірка-запраўшчыца ніяк не магла даўмецца, як жа гэта так яна ўсё кіне без нагляду-прызору ды некуды паедзе ды, магчыма, ужо й ня вернецца(?!), вясковы паштальён проста бразнуўся з ровару, ашаломханы загадным крыкам кіроўцы спыніцца, “Паскудрыла бздючы, стой, каб ты здох!”, ды так з роварам і хацеў перціся ў ПАЗік, але, страціўшы зьнянацку пярэдніх два зубы, свой ровар з крываточным жалем пакінуў у прыдарожнае траве-мураве, буракапольная брыгада спачатку нават не азірнулася на ўсё тыя ж скульлёрвучыя зыкі кіроўцы, аднак яны яшчэ ня ведалі, ого, яшчэ ня зналі, з кім маюць справу, і справу не абы якую, і што жартамі тут… нават і блізка…, у маленькім гарадочку адзін дужа акулярысты разумнік з выглядам закалотнага заўзятара чытаў на лаве, а болей, паскуда, рабіў выгляд што чытае, газэту, а ў кавярнячцы, у якую кіроўца ўпароўся-заехаў от так проста аўтобусам, тры млявыя ахвіцыянтачкі спрабавалі нават ад яго адкупіцца скрыняю перабрадзілага піва…
Ай, ды ўсіх і не пералічыш. Людзей у ПАЗ было ўжо напіхана столькі, што было чуваць, як хрумсьцяць нечыя костачкі, нехта дзіка крычаў, той-сёй зь дзетак яшчэ вішчаў, але большасьць, зачаўленая з усіх бакоў дзядзькамі ды цёткамі, ужо нават і не дапінала ні да воднага ўздышку. Твары, перакрыўленыя, раскірплюханыя твары былі прыціснутыя да вокнаў, і вочы шмат у каго вылузваліся проста прэч…
Кіроўца ахрып ад крыку, ягоная лаянка рабілася ўсё болей жорсткаю, у набіты бітма аўтобус ён запіхваў арыштантаў плячом, усё часцьей падштурхоўваючы каленам, усім целам навальваючыся на дзьверцы…
А між тым, паволі цямнела…
Вялізны горад наперадзе паказаўся зусім нечакана.
Адзіная ацалелая фара аўтобусу кінжалам прарэзала навакольле. Высачэзныя гмахі вырасталі зь цемры, нібыта начныя, шэрыя прывіды. І тут кіроўца, нешта заўважыўшы, задаволена пацягнуўся ў бардачок ды, крыху там памацаўшы, дастаў новы, нераспакаваны пачак кукурузных палачак. Не адрываючы СКАЧАТЬ