Название: Джульета і экстрасэнс (зборнік)
Автор: Таццяна Мушынская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1497-3
isbn:
Напэўна, падлеткі лямпачку разбілі. Яна зрабіла крок наперад – нібы з абрыву ў цёмную рэчку. Дзверы зачыніліся, ліфт крануўся. Маэстра абхапіў Надзю за талію, прыцягнуў да сябе і пачаў цалаваць яе вусны і твар горача, з такім маладым запалам, якога яна не чакала. Тыя імгненні, пакуль ліфт ехаў уніз, падаліся ёй вечнасцю.
Потым яны яшчэ доўга блукалі ўздоўж ракі. Пра нешта гаварылі, а больш маўчалі і цалаваліся. І Надзі здавалася, што яе шчасцю не будзе канца. Бо душа лунала высока ў небе.
Дома яна доўга не магла заснуць, усё круцілася з боку на бок. Уставала, піла халодную гарбату і доўга глядзела ў столь шырока расплюшчанымі вачыма. Надзя спадзявалася, што заўтра ці паслязаўтра ён патэлефануе. Але тэлефон упарта маўчаў. Два дні падаліся ёй двума стагоддзямі. Яна нічога не магла рабіць, усё валілася з рук.
У нядзелю трэба было зрабіць, а ў панядзелак тэрмінова здаць дырэктару вучэльні справаздачу. З лепшымі намерамі Надзя села за пісьмовы стол. Але – якая справаздача?! Усё здавалася непатрэбным і несусветным глупствам. Варта было толькі прымружыць вочы, як уяўленне адразу малявала ягоны твар. Надзя памятала дотык ягоных рук, ягоных вуснаў. Эпізоды спаткання здаваліся трызненнем, сном на яве. «Хіба ён не разумее, што я магу быць спакойнай, толькі калі ведаю, дзе ён, што з ім, які ў яго настрой, пра што думае? Чаму ён не тэлефануе? Можа, усё, што адбылося, для яго нічога не значыць?!»
Дзесяць разоў за два гэтыя дні да яе вярталася надзея, і дзесяць разоў памірала. Праз два дні яны зноў убачыліся, і Надзіны трывогі адышлі, расталі як ранішні туман, перад рэальнасцю спатканняў.
«Атрымліваецца, як у казцы. З’явіўся Прынц, пацалаваў Прынцэсу. Яна прачнулася і ўбачыла, што да гэтага не жыла, а толькі спала мірным сном. Але ж сапраўды, у мяне з’явілася ўражанне, што я пакуль яшчэ і не жыла. А толькі чакала, калі ён з’явіцца…»
Напэўна, на яе найшло нейкае ачмурэнне. Цяпер Надзя разумела псіхалогію наркаманаў. Аднойчы спазнаўшы ягоныя пацалункі, яна ў думках і на яве імкнулася да іх зноў. I ўсе аргументы розуму былі бяссільныя і бессэнсоўныя.
«Мы ўвесь час супадаем. Усюды, ва ўсім. У ацэнках рамансаў, чужых і нашых агульных. У эмоцыях. Нават у ложку… І ўсё мала, і ўсё не хапае… Здаецца, мы ніколі не зможам дайсці да мяжы, дзе нашы эмоцыі заканчваюцца. І ў асалодзе няма мяжы.
Мне нават робіцца страшна! Такое дзіўнае і неверагоднае супадзенне. Такая гармонія. А што потым? Калі скончыцца гармонія і пачнецца дысгармонія? Яна акажацца таксама татальнай? І мне будзе пагана ў такой жа ступені, у якой цяпер добра? Няўжо ўсё адбываецца на яве і са мной?! Няхай такі стан ніколі не скончыцца!»
Відаць, тыя абдымкі-пацалункі абудзілі ў Надзінай душы сілы, пра існаванне якіх спявачка і не здагадвалася. Яна нібы прачнулася і ўбачыла навакольны свет не ў прыглушана-лаканічных і стрыманых фарбах, а ў іх буянні і паўнагучнасці. Надзя ніколі не ўяўляла, што можа жыць у такім неверагодным тэмпе. Калі можна мала спаць, амаль СКАЧАТЬ