Название: Джульета і экстрасэнс (зборнік)
Автор: Таццяна Мушынская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1497-3
isbn:
Тады ж, у дзвярах, ён дадаў, як заўсёды:
– Прывітанне Шуману і Грыгу!
– Дужа патрэбны ім твае прывітанні!
Дзверы шчоўкнулі. Надзя потым яшчэ доўга плакала, успамінаючы іх развітанне і з абразай кінутае «манашка». Быў у гэтым вызначэнні нейкі прыхаваны намёк. На тое, што ў ёй няма нечага істотнага, што патрэбна для звычайнага шчасця. І тады атрымлівалася, што калі ў Алега не было цікавасці да яе, дык вінаватая ў тым сама Надзя. Але час загаіў раны, усё адышло, страціла вастрыню і зрабілася ўспамінам, да якога яна імкнулася не вяртацца.
Час ад часу Алег нагадваў пра сябе, але часцей праз тэлевізар. На яго Надзя глядзела спакойна, нібыта ніколі ён і не жыў разам з ёй у адной кватэры, нібыта яны не снедалі на адной кухні і не мелі агульнага сына. Тое, што Алег рабіў на сцэне – якія песні выбіраў, як рухаўся, якога колеру пінжакі насіў,– усё гэта выклікала ў яе ўнутраную нязгоду, пярэчанне і штосьці падобнае на раздражненне. Патрываўшы хвіліну-другую, Надзя звычайна выключала тэлевізар і сядала за фартэпіяна развучваць чарговую праграму. Алег даўно зрабіўся прачытанай кнігай, вяртацца да якой ёй зусім не хацелася.
Частка трэцяя
Голас
Свет і людзі заўсёды падзяляліся для Надзі на дзве вялікія часткі. У адной з іх жыла музыка, у другой яе ніколі не было.
Патлумачыць той падзел словамі амаль немагчыма. Можа, варта назваць іначай – душэўнай грацыяй ці высакароднасцю? Унутраная музыка выяўлялася па-рознаму: у абліччы, твары, голасе і яго тэмбры. Часам мілавідная бухгалтарка з раённага ці абласнога ўпраўлення культуры, прывабны твар касіркі ў хлебнай краме, аблічча выхавацелькі ў дзіцячым садку, куды хадзіў малы Алесік, звярталі яе ўвагу гармоніяй і высакароднасцю. I абавязкова голасам.
Чым далей ішоў час, тым больш прафесія рабіла Надзю ўспрымальнай да гукаў прыроды і чалавечых галасоў. Нават не спеўных, а звычайных, жыццёвых. Як вакалістка, яна была пераканана, што голас можа расказаць пра чалавека ўсё. Нібы камп’ютар, ён захоўвае ў памяці гісторыю жыцця, ён – маленькая мадэль, адлюстраванне ўнутранай канструкцыі асобы. Інтанацыя, быццам чулы сейсмограф, фіксуе шчырасць ці фальш душэўных памкненняў.
У творчасці вастрыня ўспрымання гукаў дапамагала, у паўсядзённым жыцці стварала турботы. Мажная, крыклівая цётка, якая доўга і на ўвесь тралейбус дапытвалася, чаму вадзіцель не аб’явіў патрэбны прыпынак; сусед-алкаголік, які жыў на адной з Надзяй лесвічнай пляцоўцы і, перабраўшы меру, ганяў па кватэры жонку і дачку, адтуль чуліся яго хрыплы, прастуджаны голас, жаночы віск, енк, грымелі перакуленыя крэслы, дзынькаў разбіты посуд, – такія ўражанні прыводзілі Надзю ў адчай. СКАЧАТЬ