Название: Надбярэзінцы
Автор: Фларыян Чарнышэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-14-8
isbn:
– Што праўда, то праўда, – згадзіўся Гушча. – Гэта нам пашчасціла свайго багамола мець, – падкалупнуў ён Кантычку. – А калі б не ён, уся Смалярня даўно б у мужыкоў ператварылася.
Кантычка абярнуўся і паглядзеў зласліва.
– Не блазнуй, Рамане, а то як дзіця. І сваркі не падымай, – абарваў Гушчу Здановіч, – лепей разваж, як нашу праблему агульную развязаць. Мне здаецца, суседзі, што хоць нам першы раз адмовілі, трэба зноў дабівацца. Усе сілы варта пакласці, каб дабіцца дазволу і касцёл пабудаваць.
– Будзем, будзем старацца.
– Чы ж у нас няма важных людзей, што за нас заступіліся б дзе патрэбна! – усклікнуў Кантычка і тонам казальніка з амбона дадаў: – Сапраўды вам кажу: хай поп хоць са скуры вылузнецца, а мы касцёл у Вончы паставім.
– І цябе там пробашчам зробім, – не стрымаўся Гушча.
– Калі снег сыдзе цалкам і падсохнуць дарогі, – працягваў Кантычка, – трэба сабрацца з усімі ванчанцамі, усю справу гэтую абгаварыць разам і падаць прашэнне наноў. Гэтым разам будзем магілёўскага дэкана Святаполка-Мірскага прасіць пра заступніцтва. Як бы ні было, ён усё-ткі князь – і да міністра дойдзе, і да цара.
– Царскі саветнік пан Несмяртэльны вышэйшы за дэкана, трэба яго прасіць, – запярэчыў Пятроўскі. – Дазвольце пахваліцца, што я добра з ім знаёмы.
– Абодвух прасіць будзем, – рассудзіў іх Здановіч. – Дэкан падасць на дазвол, а Несмяртэльны загадае таму, да каго трапіць справа, каб выдаў.
Яны затушылі люлькі, спынілі размовы і вярнуліся да песняў.
Дзякуючы хадайніцтву Казіка, які ўвесь перапынак размаўляў пры дзвярах са Стахам і Косцікам пра справункі ў ванчанскай школе, хлопцам дазволілі прайсці паміж зэдлямі і сцяной і стаць за плячыма ў Казіка з Полькай.
Пасля трох песняў Кантычка зноў зрабіў перапынак.
– Я крыху дзіўлюся, – пачаў стары Балашэвіч, вяртаючыся да ранейшай размовы, – што Несмяртэльны з царом знаёмства завязаў, так блізка побач з ім ходзіць, а не можа палякам нейкай вольніцы расстарацца.
– Праўду кажаш, сваце, – пагадзіўся Здановіч. – Хай бы там выбіў якой палёгкі, каб нам вучыцца па-польску. А то што ж такое: габрэі па-свойму могуць вучыцца, літоўцы могуць, латышы таксама, немцы, а ў нас князі і графы ў царскіх саветніках ходзяць – і нельга. Чаму Несмяртэльнаму да галавы такое не прыходзіць?
– У яго ў галаве трохі важнейшыя справы сядзяць, чым навучанне па-польску, – сказаў Пятроўскі.
– Ды нічога ў ягонай галаве няма, – запярэчыў Вінярскі. – П’е там сабе з князямі, гуляе і ўсё. Навошта яму нейкай вольніцы дабівацца, калі ў самога іх колькі душа захоча.
– Ну а чаго ж, і вып’е, бывае, але галавы не траціць і робіць што належыць.
– І што ж ён робіць?
– Я ведаю, што.
– Ну дык кажы, калі ведаеш!
– Зашмат тут людзей, каб я сказаў, бо гэта сакрэтная справа.
– Тут усе свае, гавары.
СКАЧАТЬ