Название: 1939 год і Беларусь. Забытая вайна
Автор: Анатоль Трафімчык
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: История
isbn: 978-985-99340-2-5
isbn:
Аднак галоўнае значэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, яе гістарычная вага заключаецца ў канчатковым сцвярджэнні ідэі дзяржаўнасці яшчэ аднаго еўрапейскага народа. Прычым гэта было зроблена ў плоскасці канцэптуальнай – як па форме, так і па змесце, прымусіўшы знешнія сілы (перадусім Расію і Польшчу) выкарыстоўваць элементы будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці, няхай і ў якасці сродка. У любым выпадку гэта азначала шпаркую нацыянальную эвалюцыю беларусаў.
Бальшавікам патрэбен буфер: ад Заходняй вобласці Расіі да БССР
На працягу 1918 г. бальшавікі не збіраліся прадастаўляць Беларусі хоць нейкай фармальнай аўтаноміі. Краіна імі называлася Заходняй вобласцю як састаўная частка Расіі (назва ўзнікла яшчэ пасля Лютаўскай рэвалюцыі).
Нягледзячы на дэкларатыўны лозунг магчымасці самавызначэння кожнай нацыі, зняволенай у «турме народаў» царскай Расіі, лідар бальшавікоў праводзіў нацыянальную палітыку настолькі хітра, што нават не ўсім яго саратнікам быў зразумелы яе сэнс. Аддзяленне ад Расіі, паводле Леніна, насамрэч дапускалася толькі тэарэтычна:
«Мы за автономию для всех частей, мы за право отделения (а не за отделение всех!) <…> В общем, мы против отделения. Но мы стоим за право на отделение. <…> Ничего, абсолютно ничего кроме права на отделение здесь нет и быть не должно».
Бальшавікоў не турбавала пытанне беларускай дзяржаўнасці: у важных гістарычных дакументах Беларусь не згадвалася як народ з правам на дзяржаўнае самавызначэнне. Пакуль беларускі нацыянальны рух (як, зрэшты, і іншыя) набываў сілу пад царскай уладай, ён падтрымліваўся бальшавікамі, бо такім чынам расхістваўся царызм. На самым пярэдадні кастрычніцкага перавароту Ленін, што праўда, у форме рытарычнай фігуры ўмоўнага ладу заяўляў пра неадкладнае аднаўленне свабоды Фінляндыі, Украіны, Беларусі і краін з мусульманскім насельніцтвам.
Калі ж бальшавікі захапілі ўладу, ім нацыянальныя рухі сталі муляць. Яны імкнуліся мінімізаваць ці фармалізаваць іх, а беларускі – на пэўны час увогуле быў выключаны з павесткі для бальшавікоў. Дый гаварылася ж не пра дзяржаўны суверэнітэт, а пра нейкую абстрактную свабоду, разуменне якой у бальшавікоў мела свае асаблівасці, абумоўленыя класавым падыходам: прадугледжвалася вызваленне не ўсёй нацыі, а толькі працоўнага класа, якому, у сваю чаргу, патрэбна была сацыялістычная рэвалюцыя. Калі ж працоўны клас таго ці іншага народа не разумеў гэтай патрэбы, дык бальшавікі, нібыта робячы ласку, гатовы былі прынесці шчасце светлай камуністычнай будучыні на штыках.
Тэарэтычныя двухсэнсоўныя дэкларацыі засцілі СКАЧАТЬ