Название: Прыгоды Шэрлака Холмса (зборнік)
Автор: Артур Конан Дойл
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Классические детективы
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
isbn: 978-985-7119-03-5
isbn:
– Фотаздымак Ірэн?! – усклікнуў ён. – Калі вы хочаце, ён ваш!
– Дзякую вашай вялікасці. Значыць, у гэтай справе больш нічога не зробіш. І таму я маю гонар пажадаць вам усяго найлепшага.
Холмс пакланіўся, павярнуўся і, не заўважаючы пададзенай яму рукі, разам са мной рушыў у сваю кватэру.
Вось і ўся гісторыя пра скандал, які пагражаў запляміць гонар караля Багеміі, а таксама пра тое, як цудоўныя планы Шэрлака Холмса быў парушаныя здагадлівай жанчынай. Раней мой сябар часта дасціпнічаў на тэму жаночага розуму, апошнім жа часам я не чую ад яго такіх жартаў. І калі ён гаворыць пра Ірэн Адлер ці згадвае пра яе фотаздымак, то заўсёды ўшаноўвае яе тытулам «тая жанчына».
Саюз рудых
Летась у адзін з восеньскіх дзён я завітаў да майго сябра, містэра Шэрлака Холмса, і заспеў яго за гутаркай з мажным і чырванатварым немаладым джэнтльменам з вогненна-рудой шавялюрай. Я выбачыўся за тое, што з’явіўся без папярэджання, і хацеў пайсці, але Холмс рашуча ўцягнуў мяне ў пакой і прычыніў дзверы.
– Немагчыма ўявіць сабе лепшага выпадку для вашага візіту, дарагі Ўотсан, – сардэчна сказаў ён.
– Мне падалося, вы заняты.
– Так і ёсць. Вельмі.
– Тады я пачакаю ў суседнім пакоі.
– Ні ў якім разе. Містэр Ўілсан, гэты джэнтльмен шматкроць дапамагаў мне ў самых паспяховых справах, і я не сумняюся, што ў вашым выпадку ён будзе мне надзвычай карысным.
Мажны джэнтльмен прыўзняўся з крэсла і адвесіў мне паклон. У яго маленькіх, заплылых тлушчам вачах бліснула цікаўнасць.
– Сядайце на казетку, – сказаў мне Холмс, заняўшы сваё месца ў фатэлі і злучыўшы пальцы рук лодачкай, як рабіў штораз, калі збіраўся паразважаць. – Я ведаю, дарагі Ўотсан, што вы раздзяляеце маю прыхільнасць да ўсяго надзвычайнага, якое выбіваецца з тужлівай аднастайнасці шэрых будняў. Пра гэта сведчыць той імпэт, з якім вы ўзяліся апісваць і, калі даруеце мне такую заўвагу, часам падаваць мае сціплыя прыгоды занадта прыгожа.
– Мяне напраўду вельмі зацікавілі вашыя справы, – адказаў я.
– Памятаеце, днямі, акурат перад тым як узяцца за вельмі простую справу міс Мэры Сазэрлэнд, я сказаў, што нават самае багатае ўяўленне не здольнае прапанаваць нам такіх дзіўных з’яваў і нечаканасцяў, як жыццё?
– Сцверджанне, у якім я насмеліўся сумнявацца.
– Так, доктар, але ўсё ж вам давядзецца раздзяліць маё меркаванне, бо я магу падмацаваць яго такой колькасцю прыкладаў, што пад ціскам фактаў вам не застанецца нічога іншага, як прызнаць маю рацыю. Вось, напрыклад, містэр Явіс Ўілсан завітаў да мяне сёння раніцай. Мяркуючы па тым, што ён паспеў расказаць, яго выпадак можа стацца адным з самых адметных за апошні час. Вам вядома, што, на маю думку, самыя дзіўныя і выключныя абставіны часцей датычаць дробных злачынстваў, а гэтым разам наогул незразумела, ці ўчыніў тут хто нешта ліхое. Пакуль я не магу зрабіць з пачутага выснову, СКАЧАТЬ