Название: Авантуры студыёзуса Вырвіча
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Пранціш Вырвіч
isbn: 978-985-7083-16-9
isbn:
Пані Саламея рэшту дня прасядзела, замкнуўшыся ў пакоі. З-за дзвярэй чуліся толькі ціхія словы малітваў.
“Бездань бездань прызывае ўва гласе хлябій тваіх, уся высоты Твая і хвалі Твая на мне прэідоша”…
А потым быў ліст. Звычайны ліст, у канверціку, запячатаным сургучом с адбіткам знака, які для знаўцаў шляхецкіх гербоў – а такім мусіў быць кожны праўдзівы шляхціц – чытаўся адразу: брама з крыжам наверсе, якая вядзе да вайсковага намёту. Частка герба Агінец, якім карыстаюцца князі Багінскія.
Пасланец, малады жвавы хлопец у кавалерскім адзенні, сунуў Вырвічу канверцік проста ля выхаду з універсітэту і знік у натоўпе, не адказваючы на пытанні.
Дарэмна Лёднік вінаваціў Пранціша ў нецярплівасці! Студыёзус не стаў раздзіраць канверт проста на вуліцы. А дабег да свайго ўлюбёнага месца на Замкавай гары, да руінаў замку, у якім сто год таму трымаў аблогу невялікі расейскі атрад, і гарматы ператварылі муры ў друз.
Ласкавае сонейка, з ужо заўважнай восеньскай трывогай аб сваім хуткім ахалоджванні, прыстроілася за плячыма расчуленага студыёзуса, які сядзеў на збуцвелай бэльцы, пад вартай сівога дзядоўніку, і прыціскаў да твару маленькі канверцік, ад якога сыходзіў неверагодна хвалюючы пах вербены, мускусу і лепшага, поўнага бляску і прыгод, жыцця. На маленькім аркушыку, які знаходзіўся ў канверце, вядома, не магло змясціцца ўсяго, што нафантазіраваў сабе студыёзус, але галоўнае мелася: Паланэя Багінская, прыдворная дама, прыгажуня, магнатка, прызначала спатканне загоннаму шляхцюку Вырвічу! Праўда, у знаёмай манеры: загадкава, нічога толкам не тлумачачы, і загадна. Сёння, на захадзе сонца, у доме за дамініканскім касцёлам, патаемна.
І, вядома, Вырвіч моцна падазраваў, што расплоціцца за гэты гонар, як і мінулы раз, вельмі дорага, рызыкуючы ўласнай скурай дзеля магнацкіх інтрыгаў…
Але чым прыгода небяспечней, тым болей гонару для рыцара!
У дзядоўніку зашаргацеў вецер, белае пухнатае насенне цёплымі сняжынкамі закружляла, паляцела сеяць новае жыццё, павялічваць Вялікую Дзяржаву Дзядоўніка… Мала што хтось лічыць гэтую расліну пустазеллем – а яна проста злуе ўсіх тым, што мае і пяшчотныя яркія кветкі, і вострыя дзіды, каб бараніць сваю прыгажосць, і моцнае сцябло – не сарвеш голымі рукамі. Жыхар тутэйшай зямлі, якога не так проста вытаптаць, вынішчыць, альбо перарабіць СКАЧАТЬ