Название: Авантуры студыёзуса Вырвіча
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Пранціш Вырвіч
isbn: 978-985-7083-16-9
isbn:
Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся – і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.
Раздзел чацвёрты. Як Пранціш пазнаёміўся з доктарам дзі і сустрэўся з Паланэяй
Людзі вельмі любяць прыдумляць казкі пра вялікае і застрашлівае: цмокаў, волатаў, рыбаў Рэмораў ды ільдзяных Грымтурсаў, праваленыя пад зямлю ці на дно возера храмы альбо цэлыя гарады… А дробнасцяў, мізэрных сутнасцяў заўважаць не хочуць – хаця яны, можа, болей значныя ды небяспечныя для чалавечага існавання, чым волаты ды цмокі, якіх сумленны рыцар з дапамогай арханёла Міхаіла ды Прасвятой Багародзіцы з аднаго ўдару можа заваліць. Ёсць, праўда, малюпасенькія альраўны, якія жывуць у карэннях мандрагоры, але ж і тыя прымаюць абліччы вялізных застрашлівых пачвараў, іначай хто ж іх спалохаецца. А ў кожнай кропельцы вады схаваны цэлы сусвет – нездарма доктар Антоні ван Левенгук, які вынайшаў мікраскоп, ледзь не самлеў ад узрушэння, калі тую кроплю пабачыў у павелічэнні. Цэлы заапарк дзіўных істотаў – анімалькуляў – мітусіўся перад вачыма! А для чалавека мудрага і самае вялікае, і самае малое збудавана па адным узоры.
Доктар Лёднік прыпаў да акуляра нямецкага мікраскопа, але вывучаў ён не інфузорыі, а жалезны шпіндзялёчак, падобны да бліскучай кузуркі – той, што спрытны студыёзус Пранціш Вырвіч выкруціў з нутра лялькі-аўтамата. Студыёзус быў тут жа – разваліўся на канапе і рабіў выгляд, што рыхтуецца да заняткаў па рыторыцы. Але таўсценны том з прыкладамі красамоўства ўсіх часоў ды народаў валяўся карэньчыкам уверх, разгорнуты на выпадковым месцы. Якая рыторыка, пасля таго, як Лёднік цэлую гадзіну зацята ганяў свайго персанальнага вучня на занятках фехтаваннем, ледзь не па сценках скачучы… Пранціш здагадваўся, што гэткі шалёны рытм атрымаўся, бо доктару трэба было скінуць нервовае напружанне – ён заўсёды казаў, што найлепшы для гэтага сродак – фізічныя практыкаванні. Але ж доктар жалезны – вунь Пранціш, малады, ляжыць, а гэты вымыўся, пераапрануўся – ды за працу. Сядзіць вунь, спакойны такі, дэтальку пінцэтам паварочвае… А які ўжо спакой, калі вось-вось з Акадэміі выпруць – высокапастаўлены апякун памёр, у атачэнні ягонага спадчынніка поўна ворагаў ды зайздроснікаў, у рэктараце некаторыя даўно жыўцом бы блюзнера-доктара зжэрлі. Тут не да паблажлівасці – краіна на мяжы вайны. На расейскі трон села імператрыца Кацярына, былая прынцэса Сафія Ангальт – Цэрбская. Асоба амбітная, якая захоча і ліцвінскія землі кантраляваць. Падстава ёсць: тут жывуць адзінаверцы, якіх пераследуюць за праваслаўную СКАЧАТЬ