Название: Авантуры студыёзуса Вырвіча
Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
Серия: Пранціш Вырвіч
isbn: 978-985-7083-16-9
isbn:
– У яго алергія… Гэта… прыроджанае. Некаторых рэчываў ягоны арганізм не пераносіць. Лекі пакіну, і яшчэ зраблю… Адвары – піць, мазі – змазваць высыпанні, калі з’явяцца. Але галоўнае – дам спіс, ад чаго яму можа стаць кепска. Пазбягаць пэўнае ежы, пахаў… Ён гэта перарасце. Гадоў у адзінаццаць, думаю.
Пранціш успомніў, што ў Лёдніка ў маленстве таксама была такая хвароба – бацька-гарбар не мог яго прыладзіць да спадчыннага рамяства, бо сын ад паху сырых скураў пакрываўся болькамі ды млеў.
– Я магу яшчэ яго пабачыць? – прашаптаў Лёднік. Пані нахіліла галаву, светлыя пасмачкі, што выбіліся з фрызуры, ускалыхнуліся.
– Не ведаю… Хіба што мужу будзе не да нас – ты чуў, у Вільню нават Багінскія прыехалі, хочуць месца ваяводы для пана Міхала. Той пакінуў расейскую імператрыцу дзеля такога выпадку. Пакуль невядома, чый бок зойме муж – Багінскія зараз шляхту перакупаюць. Але ясна, што чакаецца валтузня.
– Прышлеце па мяне, як толькі атрымаецца… Ці да мяне хлопчыка прывязіце. За ім трэба назіраць. І для вас я таксама лекаў перадам. Мне падаецца, што вы зусім запусцілі сваю хваробу. Памятаеце мае рэкамендацыі?
Лёднік нешта тлумачыў наконт зёлак, дыеты і шпацыраў, а Вырвічу ажно дух заняло ад звесткі, што Багінскія тут! А раптам і панна Паланэя прыехала? Там, у Варшаве, яна яшчэ больш увязалася ў палітыку, якіх толькі інтрыг юнай прыгажуні не прыпісвалі. Пранцішу, зразумела, кроілі сэрца асобныя чуткі… Але вось ён, шанец – калі паненка тут, ці не спатрэбіцца ёй, як калісьці, адважны і спрытны рыцар, здольны выканаць любое, самае складанае, даручэнне?
На развітанне пані Агалінская папыталася:
– Твая жонка прыгожая, Бутрым?
– Прыгожая, – адказаў былы слуга.
– Ты яе кахаеш?
– Вельмі.
Пані памаўчала.
– Дай Бог вам шчасця.
– І вам таксама, мая пані… І вам таксама…
Базыль праводзіў гасцей да карэты, падсвечваючы ліхтаром. Калі пад колы зноў лягла брукаванка Старога Места, Пранціш з’едліва папытаўся-сцвердзіў:
– Пані Саламеі нічога не казаць?
Прафесар ускінуў галаву:
– Чаму ж не казаць? Я сам ёй скажу. Думаю, яна зразумее…
– А нехта збіраўся мяне ў карцэр садзіць за бязвінныя заляцанні да звычайнай дзеўкі… – не прамінуў папікнуць студыёзус, які ўсё яшчэ кіпеў ад абурэння. Вядома, пералюбствам грашылі многія, пры варшаўскім двары дык увогуле непрыстойным лічылася не мець афіцыйных палюбоўнікаў. Падчас баляў на плошчы перад палацам стаялі карэты, у якіх можна было адасобіцца са сваімі амаратамі ад цікаўнікаў. У вёсках пад Нясвіжам шмат у якіх сем’ях гадаваліся нашчадкі князёў Радзівілаў, дзеля іх часам выплочвалася невялікая пенсія. Але доктар, які спавядаў самаабмежаванне і дысцыпліну і пагарджаў разбэшчанымі СКАЧАТЬ