Название: Сімъ побѣдиши
Автор: Алесь Пашкевіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7057-16-0
isbn:
– З ім, святым Пятром, і вашай краінай – цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… – і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў ягоны лаўровы голас: – Святы Пётар Цэціньскі, наш цудатворац і дзяржаватворац, вучыўся ў Пецербурзе, а потым ужо як архімандрыд адправіўся быў да царыцы Екацярыны прасіць дапамогі свайму праваслаўнаму народу. А царыца яго не прыняла… Затым яго рукапалажылі ў Карлаўцах у сан архіярэя Чарнагорскага, на што быў атрыманы дазвол аўстрыйскага імператара. І зноў падаўся Пётар да сваіх мацнейшых братоў, братоў па духу і веры – з просьбай аб падтрымцы, але князь Пацёмкін загадаў яго выгнаць з Пецербурга. Гарэтніка ўкінулі ў паліцэйскую павозку і гналі дзень і ноч без спачынку да самай мяжы – як ліхвяра, а не архіярэя. Маўляў, які архіярэй без дазволу русійскага Сінода? Вось як! Нібыта не ўсё агульнае пад Божым небам і не аднолькавую сілу мае… – стары зморшчыў лоб і часта заміргаў вачыма, кашлянуў, глынуў астылай гарбаты і працягнуў: – А калі вяртаўся Пётар, на Чарнагору напалі туркі, скадарскі візір Махмут паша Буш1. Шмат людзей панішчылі. Разрабавалі Цэціньскі манастыр. І былі голад і холад, і елі кару дрэў ды малолі на муку карэнне і траву жучэніцу… І не было падтрымкі ад русійскага праваслаўнага брата.
– Прабачце, а ў якім гэта было годзе? – перапыніў Заяц.
– У 1785 м. Напрыканцы, словам, XVIII стагоддзя. – Стары зірнуў на наструненага сына і памякчыў свой тон: – Ну Вы ж, я думаю, не будзеце крыўдаваць на маю крытыку палітыкі русійскага царызму? Яна ж цяпер ва ўсёй савецкай гісторыі выкрываецца… – зірнуў уважліва, хоць і далікатна, зноў глынуў гарбаты. – Дык вось, туркі яшчэ двойчы напрацягу некалькіх гадоў нападалі. І абраны мітрапалітам святы Пётар у Бога заступніцтва прасіў. І перамаглі Буша і ягонае войска. – Старэйшы Янкавіч памаўчаў і дадаў як штось выбаленае: – Не разумею я і еўрапейскую, і русійскую палітыку… Што ёсць нашыя Балканы? Гэта апошні рубеж бастыён праваслаўя, славянства, калі заўгодна. Зямля, прыціснутая з поўдня нястомным ісламам, а з поўначы – змораным каталіцызмам. Аслабеем мы – заўтра ваяўнічы іслам увойдзе ў надувену… пыхлівую Еўропу! Скорымся мы – і хто са славянскіх народаў падзякуе і паверыць багатай і моцнай Русіі?
– Прабачце, наколькі ведаю, Расія і раней не забывала пра югаслаўскія народы… Цар Павел Першы падараваў згаданаму мітрапаліту Пятру ордэн Святога Аляксандра Неўскага, і ў часы вайны з французамі дапамога была… – нібыта апраўдваючыся, згадаў Заяц.
– Так, хто ж аспрэчвае. «І раней не забывала…». Не буду пра недалёкае – пра спрэчкі Сталіна і Ціта. А тады, пры святым Пятры, русійскую імперыю напалеонаўскі петао… певень дзюбнуў! Вось і закруціліся. СКАЧАТЬ