Название: Дыплом на царства
Автор: Аркадзь Ліцьвін
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Исторические приключения
isbn: 978-98590-371-7-7
isbn:
– Што ж, забірай свайго гнядка, – сказаў Бражына. – А я не паспеў і падумаць пра мянушку. Нічога майго на ім няма. Толькі хлеб ды вяндліну, прабач, з'еў.
Пра хлеб вырвалася само і ганец мог бы пабажыцца, што афіцэр злёгку збялеў і залішне ўважліва стаў аглядаць Гнядку капыты. Адолеў разгубленасць і ўсміхнуўся.
– Ну, за хлеб на цябе павінны шышы крыўдаваць, – ён з ваганнем зірнуў на Бражыну. – А як жа ты без каня?
Здалося пабойваецца нейкай хітрасці.
– Ды ўжо неяк, – паціснуў той плячыма. – Іншага набыць давядзецца.
– Тут не так лёгка з добрым канём, – заўважыў нехта з гурта.
Было відаць, што Юдыцкі адчувае сябе ніякавата. – Але ж так нельга, – запярэчыў ён. – Вазьмі хоць грошы. Ты ж захаваў мне каня, калі падумаць.
– Тады выйдзе, вашмосьць, што я з тымі шышамі дзеля выкупу твайго каня звёў, – засмяяўся Бражына. – Ён жа сам цябе прызнаў. Бяры і не думай!
Здавалася, афіцэр супакоіўся.
– Ну, дзякуй! – прамовіў ён, шчыра ўзрадаваны і, крышачку павагаўшыся, запытаўся: – А калі я табе каня прапаную? Не такога, праўда, але не здыхлю, не падумай.
Бражына падумаў, што, заваліўшы таго вартавога, мог бы парку коней пагнаць на шворцы. Але ж абставіны былі не тыя…А зараз прасіць грошай у Яна Сапегі было б няёмка, сваіх на добрага каня не меў. Але Юдыцкі ўжо махаў у бок стайні і нецярпліва пстрыкнуў пальцамі. Моцны хлапчына падвёў неблагога каня пад сядлом і падаў повад Бражыну.
– Вы, пане, пачастуйце яе, – працягнуў на руцэ кавалак сухара. – Падсолены. Вельмі даспадобы. Адразу прызнае за гаспадара.
Бражына паслухаўся. Беручы сухар, заўважыў, што руцэ не хапае мезенага пальца. Пакуль кабылка хрумстала пачастунак, без спеху агледзеў падарунак, праверыў сядзельную папругу, паторгаў страмёны. Усё было ў лад.
– Як падзяку за ўтрыманне Гнядка? – прамовіў да Юдыцкага. – Што ж, думаю, гэта ганарова для нас абодвух? – ён азірнуўся на грамаду за меркаваннем.
Усе згодна загулі, што гэта вельмі па рыцарску, з такой нагоды і да шынка зазірнуць варта.
– Ну то едзем на магарыч? – запытаўся ў Юдыцкага і скочыў у сядло.
Кабыла заўпарцілася, спрабавала падбрыкваць, але праз паўсотні крокаў скарылася, а праз паўвярсты была і карчомка. Выглядала як перанесеная з віленскага ці менскага тракту. Бражына, паручнік Малей і Юдыцкі пакінулі коней пад нагляд хлапца, занялі вольны стол і запатрабавалі пачастунку. Калі перакулілі па першай чарцы, паручнік запытаўся: – Дык як жа вашмосьці дастаўся гняды?
Бражына пераказаў лясную прыгоду, не адбягаючы ад праўды, але трымаючыся шышынага нападу, як адзінага і неаспрэчнага тлумачэння.
– Шмат гэтай набрыдзі па лясах, – пагадзіўся паручнік. – Уцякуць з войска, а карміцца неяк трэба… Юдыцкі слухаў, здавалася, рады вяртанню каня. Звычка Бражыны не давярацца першым уражанням змушала ўважліва сачыць за кожным яго словам СКАЧАТЬ