Зоркі над вельдам (зборнік). Коллектив авторов
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Зоркі над вельдам (зборнік) - Коллектив авторов страница 10

СКАЧАТЬ увесь Капскі паўвостраў,[41] нашыя атрады будуць вымушаныя сесці на карабель і захапіць таксама і Англію.

Але тады мы не рушылі за мора. Хутка мы заўважылі, што наш вельдкарнэт[42] часта сыходзіць з каня і завязвае размову з мінакамі-кафрамі,[43] адводзячы іх далей ад краю дарогі і сур’ёзна з імі нешта абмяркоўваючы. Безумоўна, наш вельдкарнэт рабіў правільна, калі тлумачыў кафрам, што цяпер пачалася вайна і што Рэспубліка чакае ад кожнага кафра, каб ён перастаў курыць так шмат дагі[44] і добра задумаўся над тым, што вакол адбываецца. Але мы заўважылі, што кожны раз пасля такіх размоваў кафр кудысьці паказваў пальцам і што нашаму вельдкарнэту было потым вельмі няёмка весці нас у кірунку гэтага пальца.

Безумоўна, мы разумелі, у чым справа. Наш вельдкарнэт быў маладым хлопцам і саромеўся паказаць нам, што не ведае дарогі на Мафекінг. Так ці іначай, пасля гэтага мы не вельмі яму давяралі.

Праз некалькі дзён мы дабраліся да Мафекінга. Там мы доўгі час стаялі – пакуль не наблізіліся ангельскія войскі і не знялі аблогу горада.[45] Тады мы сышлі. Сышлі вельмі хутка. Ангельскія войскі прывялі з сабой шмат артылерыі. І калі, шукаючы дарогу на Мафекінг, мы мелі пэўныя складанасці, дарогу з Мафекінга мы адшукалі вельмі лёгка. Цяпер нашаму вельдкарнэту не былі патрэбныя кафры, каб паказаць пальцам кірунак. Нават калі даводзілася ісці ноччу.

Нашмат пазней я расказаў пра гэта аднаму ангельцу. І ён прызнаўся, што адчуў нешта незвычайнае, пачуўшы пра другі бок мафекінгскай гісторыі. Ён сказаў, што калі аблогу знялі, у Англіі было вялікае свята, а таму яму дзіўна думаць пра іншае ўспрыняцце гэтай падзеі – пра пераможаную краіну і разбітыя калоны, што навобмацак рухаліся ў цемры.

Я помню многае, што адбывалася на зваротным шляху з Мафекінга. Не было месяца. Зоры неяк нераўнамерна асвятлялі дарогу, забітую пушкамі, спалоханымі коньмі і людзьмі ў адчаі. Вельд[46] дрыжаў пад ударамі капытоў збянтэжаных атрадаў. Зоры глядзелі на гэтае відовішча, што было змрочным сведчаннем руйнавання нацыі, яны глядзелі на рулі маўзераў, што першы раз страцілі Трансвааль.

Безумоўна, я, як бур Рэспублікі, ведаў свой доўг. Ён палягаў у тым, каб апынуцца як мага далей адтуль, ад таго месца, дзе я апошні раз бачыў на заходзе сонца ангельскую артылерыю. Астатнія буры таксама ведалі свой доўг. Нашыя каманданты[47] і вельдкарнэты вельмі рэдка аддавалі загады. І нягледзячы на тое, што я скакаў вельмі хутка, быў адзін юнак, які скакаў яшчэ хутчэй. Ён увесь час трымаўся перада мной. Ён скакаў так, як мусіць скакаць бур, калі яго можа зачапіць выпадковая куля, – з нізка апушчанай галавой, амаль абняўшы рукамі шыю каня.

Гэта быў Стэфанус, малады сын Флорыса ван Барнэвелта.

Крыху пазней, калі нашыя камандзіры паспрабавалі зноў прывесці атрады ў парадак, было шмат нараканняў і незадаволенасці. Урэшце яны загадалі нам зрабіць прывал. Але большасць сярод нас лічыла гэта дурасцю. Асабліва зважаючы СКАЧАТЬ

41

Капскі паўвостраў – паўвостраў у паўднёва-заходняй частцы Афрыкі на тэрыторыі ПАР, на паўднёвым канцы якога месціцца Мыс Добрай Надзеі, а на поўначы – сталіца ПАР Кейптаўн (Капстад). Паўвостраў быў каланізаваны галандскімі пасяленцамі ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя, аднак у 1806 годзе калонію захапіла Вялікабрытанія.

42

Вельдкарнэт (veldkornet) – ваенны афіцэрскі чын у паўднёваафрыканскай арміі, адпавядае лейтэнанту (афр.).

43

Кафры – назва, якая давалася цемнаскурым жыхарам Паўднёвай Афрыкі, паганцам.

44

Дага (афр. dagga) – каноплі, марыхуана.

45

Маецца на ўвазе знакамітая аблога Мафекінга, якая цягнулася 217 дзён з кастрычніка 1899 па травень 1900. Зняцце гэтай аблогі сталася вырашальнай перамогай для ангельцаў і цяжкай паразай для бураў.

46

Вельд (veld) – паўднёваафрыканскі стэп (афр.).

47

У Паўднёвай Афрыцы камандантамі ў ХІХ і пачатку ХХ ст. называлі камандзіраў атрадаў.