Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік). Юры Станкевіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Паўночны вецер для спелых пладоў (зборнік) - Юры Станкевіч страница 20

СКАЧАТЬ гэта не яго. Да таго ж, кафедрай тэлебачання кіравала маладая, даволі істэрычная, на яго погляд, аспірантка Спіркіна, якая з патрэбай і без яе, заводзячы ўгору няшчырыя, шкадлівыя вочкі, ускліквала: «Блакітны агеньчык! Блакітны агеньчык!», за што і атрымала адпаведную мянушку.

      Студэнт Ігнат Мазур яе не паважаў і засцерагаўся: яна часта завальвала на іспытах.

      Ён, вядома, хацеў застацца на практыцы ў Мінску, нават не важна дзе, бо тут заставалася Святлана Конкіна. Але хадзіць у дэканат і прасіць не выпадала, бо за ім усё яшчэ цягнуўся статус пераведзенага, а гутарка і чарговая разборка з дэканам Парэцкім несла для яго новыя пагрозы і ўскладненні. Гэтага ён не жадаў.

      У Брэст разам з ім паехалі практыкавацца Юля Маракова і яе сяброўка Надзея Гусакова. Дзяўчаты замацаваліся за «тэленавінамі», а Ігнат Мазур папрасіўся ў рэдакцыю літаратурна-драматычных перадач. Пасялілі практыкантаў у зале, дзе завяршаўся рамонт, спалі яны цераз шырму: дзяўчаты на раскладушках, а Ігнат Мазур на старой караткаватай для яго канапе. Урэшце, уладкавалі іх, як ён палічыў, няблага, выдалі нават коўдры і бялізну.

      Загадчыкам рэдакцыі літаратурна-драматычных перадач аказаўся мужчына гадоў сарака з тварам трамвайнага шчыпача: чарнявы, смугласкуры, з бегаючымі чорнымі вочкамі і ўчэпістымі рукамі з даўгімі пальцамі. Назваўся ён Казімірам Маратавічам Шахто. Заняты сваімі справамі, упэўнены ў выключнай сваёй важнасці, ён амаль не звярнуў увагі на практыканта. Студэнт Ігнат Мазур пагаварыў з ім пра свае абавязкі – зрабіць адзін прахадны сюжэт – палістаў планы рэдакцыі, прагледзеў адну з іх – давалі запіс вечаровага спектакля мясцовага драмтэатра, яшчэ нешта неістотнае, і з трывогай адчуў, што тут яму няма чаго рабіць. Рэдактар Казімір Шахто быў, на яго погляд пасля некалькіх з ім гутарак, звычайны правінцыйны літёлуп, невядома з якой адукацыяй і які нямаведама як апынуўся на сваёй пасадзе. Плюс быў адзін: Казімір Шахто не заўважаў і не сачыў за ім: не прымушаў сядзець на лятучках і прыходзіць рана ў кабінет, дзе ў кутку для яго, як практыканта, часова прыстасавалі часопісны столік.

      У сувязі з тым, што амерыканская проза якраз перажывала своеасаблівы бум, Ігнат Мазур вырашыў зрабіць у сваю практыковую перадачу эсэ пра «вялікую пяцёрку»: Фіцджэральда, Фолкнера, Хэмінгуэя, Стэйнбека, Дос Пасаса. Знайшоў нават некалькі каляровых здымкаў пісьменнікаў, прыдумаў кароткі сюжэт.

      Але яго ідэю загадчык аддзела Казімір Шахто чамусьці і даволі нечакана ўспрыняў як асабістую знявагу. Высветлілася, што гэты, на думку студэнта Ігната Мазура, вяртлявы, правінцыйны тэлежучок не ведаў нават, хто такія Дос Пасас, Фолкнер, не чытаў ніводнага з вядомых пісьменнікаў і так усхваляваўся, што пабег раіцца да дырэктара.

      – Гэта што – пісьменнік? – перадусім тыцкаў ён даўгім пальцам спешчанай рукі ў фотаздымак Уільяма Фолкнера, дзе нобелеўскі лаўрэат па літаратуры быў зняты за цяслярскай працай на сваёй ферме, у падраным пінжаку, выцвілых джынсах і з пляскатай бутэлькай віскі, якая па-здрадніцку выглядала ў яго з кішэні.

СКАЧАТЬ