Название: Пацалунак на фоне гор (зборнік)
Автор: Анатоль Бутэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1513-0
isbn:
Неўзабаве падышлі ледзь не ўсе ацалелыя вяскоўцы. Камандзір загадаў паклікаць салдат, пакінуў толькі дзяжурныя разлікі. Свята доўжылася далёка за поўнач. Час ад часу, праўда, сёй-той з вялікаберазаўчан адбягаўся ад хаты, прыслухоўваўся да цішыні на заходняй ускраіне, трывожна пазіраў на неба. Было ўжо такое, што суседнія вёскі то бралі савецкія вайскоўцы, то немцы адбіралі назад. Грукату, аднак, не чулася. Вызваленая цішыня панавала над наваколлем. Даў бы Бог – назаўсёды.
Іван Серабракоў, наводчык зеніткі, што атабарылася на Маніным двары, пачаў мастаколіцца на начлег. Знайшоў зацішак ля сцяны, прынёс саломы, падклаў пад галаву паходны сідар і лёг, па даўняй звычцы падкурчыўшы ногі ледзь не да самай барады. Не спалася. У які раз нагарнуліся ўспаміны пра сваё, далёкае адсюль сяло на Белгарадчыне. Ці ацалела яно пасля крывавай Курскай бітвы, ці жывы хто з радні – не ведаў. Ніякіх вестак даўно не атрымліваў.
Іван уздыхнуў, тужэй загарнуў на грудзях і каленях крыссе прапаленага, пасечанага асколкамі і станчэлага за гады шыняля, заплюшчыў вочы. Але восеньскі холад не цётка родная. Івана праціналі дрыжыкі.
Устаў, пачаў ляпаць рукамі па плячах, каб трохі сагрэцца, тупаў нагамі.
На гэты ляскат нехта выйшаў з хаты. Іван сцішыўся. Прыціх і той, іншы. Іван кашлянуў.
– Каму гэта не спіцца цёплай восеньскай ночкай? – знарок бадзёра спытаўся дзявочы голас.
– Каб гэткае цяпло ды на вашыя плечы, то таксама было б няўлежна,– трохі няласкава адказаў Іван.
– А я магу коўдру прынесці. З кудзелі, цёплая.
– А на дваіх хопіць? – пачуўся падабрэлы голас Івана.
– Хіба ж вас тут дваіх?
– З табою – так.
– Ого, як смела. Па-гвардзейску: раз-раз, ухапілі языка і ходу…
– Не, я ўцякаць не збіраюся. Ды і языка яшчэ не захапіў,– уздыхнуў Іван.
– А я яшчэ і коўдры не прынесла,– прамовіла дзяўчына і падступілася бліжэй.– Ой, а вам і праўда холадна. Бо хіба такі шынялёк можа сагрэць?
– А чым ён кепскі? Ветрам шыты, скразнякамі падбіты. Цёплы, як кажух у Дзеда Мароза.– Іван дэманстратыўна прасунуў пальцы праз дзіркі.
Абое засмяяліся.
– А як вас завуць? – нечакана спытала дзяўчына.
– Адгадай,– прапанаваў і дадаў: – Так, як і ўсіх, на кім сёння Русь трымаецца.
– Іосіфам? Клімам? Ці мо Георгіем?
– Не,– засмяяўся салдат.– Іванам.
Ён пазіраў на яе, а вочы былі поўныя вірлівага бляску.
– А цябе?
– Маняй. СКАЧАТЬ