Название: Пацалунак на фоне гор (зборнік)
Автор: Анатоль Бутэвіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-02-1513-0
isbn:
– А ты яе зверху, на ватоўку нацягні. І цяплей, і выгляд геройскі захаваецца…
– Ну й вострая ты. Вось вазьму і затуплю язычок.– Іван зрабіў рух, нібыта хацеў абняць Марыю.
– Цішэй-цішэй, герой! Бач, як коні панеслі! Глядзі, каб не выкулілі…
Іван зніякавеў, прысеў на зенітку, змоўк. Марыя села побач, таксама маўчала. Пасля нечакана для сябе пачала расказваць пра сваю вёску, калісьці вялікую і шматлюдную, пра сям’ю, нядаўнія і ўжо незваротныя школьныя гады. Іван слухаў, падтакваў, часам пра нешта пытаўся. Затым згадаў сваё жыццё – даваеннае і цяперашняе, франтавое.
Не заўважылі, як прамінула ноч, як світанак зачапіўся за ствол зеніткі. Яны мо і далей гаварылі б, расказвалі, смяяліся б, згадвалі мінулае, але капітан Пекушаў загадаў сабраць зенітчыкаў.
Гаворку Марыя з Іванам працягнулі і другім днём, і трэцяй ноччу.
– Глядзі, дзіця, не загаворвайся,– перасцерагала маці.– Яму што – сёння тут, а заўтра ў паход. Сёння жывы, а там…
– Што вы, мама, кажаце! – успыхнула Марыя. І было не зразумець: ці то сябе апраўдвае, ці Івана шкадуе.
– Кажу, бо ведаю, наглядзелася…– нязлосна адказала маці.
Мінула больш за тры тыдні. Рота Руслана Пекушава ўсё кватаравала ў Вялікай Бярозе. Шмат хто з салдат сапраўды добра пазнаўся з мясцовымі дзяўчатамі і ўдавіцамі. Не хаваючыся, хадзілі адно да аднаго. Салдаты паспелі некаторым нават зямлянкі падрамантаваць, падрыхтаваць да зімы. Як бы ў падзяку.
І толькі Марыя не дазваляла сабе нічога большага за размовы ды жарты. Адно шкадавала Івана. За гэты час залатала ўсе прабоіны і прапаліны на ягоным шынялі, вымыла гімнасцёрку, зацыравала дзірачкі, нават кальсоны перамыла, за што надоўга трапіла на вострыя языкі вяскоўцаў.
Каманда на выступленне прагучала так нечакана, што многія вайскоўцы і развітацца не паспелі. Марыя была ў гэты час на полі. Вайсковую калону заўважыла, калі тая мінала бліжэйшы лясок. Кінулася напярэймы. Але толькі здалёку ўбачыла Івана. Ён махаў рукой і нешта крычаў. Ды хіба за далеччу пачуеш?
Дзяўчаты, якія праводзілі сваіх новых знаёмых, перадалі, што Іван абяцаў вярнуцца пасля вайны і абавязкова аддаць ватоўку.
– Ага, чакай, аддасць,– прамовіла маці, калі даведалася пра Іванаў намер.– Многа такіх было, да гэтага часу аддаюць. Калі ўсё аддадуць, што некалі нехта наша забраў, то багацеямі станем…
– Але і не збяднеем без той ватоўкі,– агрызнулася Маня.– Не гэтулькі дабра прапала. А тут чалавеку паспрыялі…
– Вельмі ты шкадаўлівая, мая дачушка,– прамовіла маці, але гаворкі пра ватоўку больш не заводзіла.
Ішоў час, ды не аціхалі размовы пра пекушаўцаў. У некаторых сельскіх жанок пачалі раптам акругляцца жываты. Нібыта яны на тых кароткачасовых салдацкіх харчах распаўнелі. Марыя пазірала на іх, і яе даймалі дзіўныя пачуцці. А мо дарэмна яна… каму патрэбна такая зацятасць? Так можна і звекаваць у дзеўках. Дзе ты цяперашняй парой набярэшся жаніхоў. А вайна ўсё спіша…
Нечакана Іван прыслаў трохкутнік. Пісаў, што памятае, дзякаваў СКАЧАТЬ