Таямніцы полацкай гісторыі. Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Таямніцы полацкай гісторыі - Уладзімір Арлоў страница 36

СКАЧАТЬ архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы XII стагоддзя полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла (узорам для яго была княжая царква, што стаяла ў Полацку на дзядзінцы) і гэтым заклалі асновы смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.

      Такі выгляд набыла царква Спаса ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сучасны здымак.

      Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным храм часткова перабудавалі. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з’явіўся трохсхільны дах, шалом купала ператварыўся ў «цыбуліну»… Але і сёння цудоўна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне завершанасці і суладдзя.

      Зойдзем у сабор.

      У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых, зялёных колераў і адценняў… Асноведзь (фон) фрэсак у храме мела фіялетавае адценне. Як паказалі доследы, мастакі рабілі фарбы з настою паленых яловых шышак. У келлі ў ігуменні сцены былі цёмна-сінія са смарагдавым адлівам. Тут карысталіся фарбаю з паленай косці.

      Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі XII стагоддзя ацалелі амаль цалкам. Іхняй заказчыцай таксама была Еўфрасіння. Цяпер значная іх частка закрытая познімі алейнымі фарбамі, а ў часы асветніцы фрэскі займалі ўсю саборную прастору. 3 вышыні купала багаслаўляў вернікаў Збавіцель. Шматфігурныя кампазіцыі чаргаваліся з аднафігурнымі. У келлі, дзе жыла ігумення, захавалася выява Дзевы Марыі, тонкія дасканалыя рысы якой нагадваюць найлепшыя грэцкія ўзоры.

      Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.

      Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар з дугападобнымі бровамі і вочы намаляваныя настолькі пранікнёна, з такой жыццёвай пераканаўчасцю, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс яго існавання. Нядзіва, што гэтую фрэску называюць партрэтам Еўфрасінні Полацкай. У кожным разе на мастака не магла не ўплываць цялесная і духоўная прыгажосць асветніцы і яе сясцёр.

      Апошнім часам з прычыны неспрыяльнага тэмпературнага рэжыму фрэскі хутка самараскрываліся і разбураліся. На шчасце, у сабор прыйшлі мастакі-рэстаўратары на чале з Уладзімірам Ракіцкім. З’явілася надзея, што некалі мы ўбачым унікальныя размалёўкі ў іх спрадвечным СКАЧАТЬ