Название: Таямніцы полацкай гісторыі
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: История
isbn: 978-985-15-0288-8
isbn:
На новым месцы крыж Еўфрасінні змясцілі ў музейную экспазіцыю, але наведнікі, асабліва жанчыны, перад святыняю маліліся і адбівалі паклоны. Напэўна, і з гэтай прычыны крыж перавезлі з музея ў былы зямельны банк, дзе ў 1930-я гады мясціліся абкам і гаркам партыі. Будынак меў адмысловы пакой-сейф з масіўнымі кратамі на вокнах і браняванымі дзвярыма таўшчынёю 15 сантыметраў за якімі былі яшчэ адны – кратаваныя. Менавіта там на пачатку вайны разам з іншымі найкаштоўнейшымі музейнымі экспанатамі захоўваўся крыж Еўфрасінні Полацкай. Паводле шырока растыражаванай афіцыйнай версіі, яго нібыта вывезлі на захад фашыстоўскія захопнікі.
Але ж Магілёў знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнае мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў Так узнікла думка, што рэліквія паехала тады на ўсход.
У 1960-я гады Магілёўскі абласны музей звярнуўся з запытам пра рэліквію ў Эрмітаж, адкуль прыйшоў адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай адразу па вайне прададзены на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе ў калекцыю мільянераў Морганаў і цяпер у Нью-Ёрку. (Дарэчы, яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя ў газетах з’яўляліся звесткі, быццам бальшавікі меліся прадаць крыж у Швецыю.)
У розныя часы пошукамі нацыянальнай святыні займаліся нашы вядомыя вучоныя Ееоргі Штыхаў і Адам Мальдзіс, журналіст Алесь Лукашук, першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка…
Рэліквію вырашыў пашукаць і супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт, трапіў на падазрэнне, і ў адзін цудоўны дзень некалькі маладзёнаў атлетычнага выгляду ветліва прапанавалі яму ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.
Лёс крыжа святой Еўфрасінні не пакідаў абыякавай і беларускую дыяспару. У Нью-Ёрку мне давялося гутарыць з Антонам Шукялойцам, які ў свой час узначальваў Мінскі гістарычна-мастацкі музей. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?
Як мяркуе спадар Шукялойц, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта – высокамастацкі твор.
У пошуках полацкага крыжа (сёння да іх падключаны і Інтэрпол) выкарыстоўваліся таксама нетрадыцыйныя сродкі кшталту зваротаў да вядомых экстрасэнсаў Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, выказалі ўпэўненасць, што наша рэліквія цэлая і раней ці пазней будзе знойдзеная.
СКАЧАТЬ