Название: Сланы Ганібала (зборнік)
Автор: Уладзімір Арлоў
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Зарубежная публицистика
isbn: 978-985-6701-79-1
isbn:
Мой прапрадзед Баўтрамей, народжаны (паводле запісу на некалькіх, дзівам ацалелых старонках царкоўнае кнігі) у 1830 годзе, меў ва ўзросьце Хрыста магчымасьць абраць другі з гэтых шляхоў.
Якраз у тых мясьцінах Прыдняпроўя дзейнічаў атрад Ігната Будзіловіча, пазьней расстралянага царскімі карнікамі ў Воршы. Звабліва думаць, што Баўтрамей валіў тэлеграфныя слупы, вазіў па вёсках паўстанцкі маніфэст «чырвоных» і з адчаем асуджанага на сьмерць біўся з казакамі 26 красавіка 1863 году ў няроўным баі пад Пагосьцішчамі.
Але верагоднасьць гэтага досыць малая. Архіўныя дакумэнты сьведчаць, што сярод прыдняпроўскіх беларусаў непараўнана болей было ня тых, хто пайшоў пад штандары Касы-Будзіловіча і Тапара – паўстанцкага начальніка Магілеўскага ваяводзтва Людвіка Зьвяждоўскага, а тых падманутых, што дапамагалі лавіць і забіваць інсургентаў, атрымліваючы ад улады пяць рублёў за жывога і тры за мёртвага.
Мяркуючы па імёнах, якія захаваліся ў матчынай праваслаўнай Капысіцы дасёньня, – Баўтрамей, Домна, Якуб, Базыль, Цыпрыян – мае продкі па кудзелі былі, бясспрэчна, вуніятамі, або, дакладней, грэка-каталікамі ці каталікамі ўсходняга абраду. Як падлічыў адзін наш паважаны гісторык, напрыканцы XVIII стагодзьдзя да Вуніі належала болей за тры чвэрткі жыхароў Беларусі, у праваслаўі ж заставалася толькі каля шасьці працэнтаў. Такім чынам, мае суродзічы слухалі казані, сьпявалі й гаманілі ў храме зь сьвятаром па-беларуску. Яны ані не здагадваліся пра антынародную сутнасьць вуніяцтва, што пагражала беларусам зьнікненьнем, ад якога іх выратаваў, вядома ж, цар-бацюхна з памагатымі, у 1839 годзе перагнаўшы цэлы народ у расейскае праваслаўе, што вельмі хутка не пакінула ў храмах анічога беларускага.
На памятку пра царкоўнае «ўзьяднаньне» на ўказ імпэратара Мікалая I быў выбіты вялікі мэдаль з вобразам Спаса Нерукатворнага ды надпісам: «Отторгнутыя насиліем (1596) возсоединены любовію (1839)». Аб гэтай любові мог бы распавесьці нам беларускі хлапчук з-пад Горадні, якога, як паведамляў у сваім «Колоколе» Аляксандар Герцэн, хвасталі бізунамі, пакуль на трэцяй сотні ўдараў не прыняў прычасьце ад праваслаўнага папа.
Мусіць, нешта ведаў пра тую любоў і мой продак-рыбар, што прыстасаваў царска-праваслаўную рэліквію пад грузіла. Разам з тым няма сумневу, што гэтая «любоў», мэтаю якой было духоўнае заняволеньне й перараджэньне нашага народу, дала плён ужо ў наступным пакаленьні, дапамагаючы беларускім мужыкам зарабляць у 1863-м крывавыя царскія траякі і пяцёркі.
Я набліжаюся да пачатку мінулага стагодзьдзя, і сьвечка сямейнага паданьня, што асьвятляе мне шлях, пакрысе ператвараецца ў маленькі агарак. Але перш чым патухнуць, зьліўшыся зь няпамяцьцю, яна яшчэ раз успыхвае, вырываючы зь цемры апошняе імя – Бутрамеевага бацькі Цыпрыяна.
Калі адкінуць відавочна легендарныя зьвесткі пра тое, што Цыпрыян СКАЧАТЬ