Сланы Ганібала (зборнік). Уладзімір Арлоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Арлоў страница 6

СКАЧАТЬ Вісарыёнавіча, выкалалі яму ржавым цьвіком вочы, спалілі партрэт на вогнішчы ў нашым садзе й вырашылі, што назаўсёды расквіталіся з найлепшым сябрам савецкіх дзяцей.

      У тую самую восень бульдозэр перакуліў і некуды завалок нашага «школьнага» Сталіна. Праўда, п’едэстал стаіць там і сёньня, мусіць, недзе паблізу чакае й ягоны былы гаспадар.

      Я пішу пра гэта, бо I. В. Сталін – таксама частка майго радаводу, як, зрэшты, – хацелі б мы таго ці не, – і кожнага з нас. Хіба не пацьвярджае гэта лішні раз, напрыклад, нашая з Колькам помста за таварыша Кірава.

      Праз колькі гадоў, клясе ў сёмай, я даведаўся, што маю й асабісты рахунак да ўсяго таго, што ўвасабляў чалавек, якога мудры Анры Барбюс назваў некалі Леніным-сёньня. Маці паказала мне даведку, якую я захоўваю цяпер сярод самых дарагіх дакумэнтаў.

      Верховный суд Белорусской ССР 4 апреля 1963 г. г. Минск

      5-10

      СПРАВКА

      Дело по обвинению Денисова Максима Денисовича, 1881 года рождения, пересмотрено Верховным судом БССР 5 февраля 1963 г.

      Постановление от 23 марта 1933 г. в отношении Денисова Максима Денисовича отменено и дело за отсутствием состава преступления прекращено.

      Денисов М. Д. по данному делу реабилитирован. Зам. председателя Верховного суда БССР

      С. Шардыко. Тираж 10 000.

      Да гэтае даведкі мне казалі, што дзед Максім хварэў і проста памёр.

      Для ўсіх нас так і засталося загадкаю, якім было тое «данное дело».

      Памёр у 1930-я гады і другі мой дзед – Арцём. Наконт ягонага лёсу ніякіх даведак не прыходзіла, але з аднаго з рэдкіх бацькавых аповедаў я запамятаваў, што дзед Арцём меў малатарню, а значыцца, і ўсе магчымасьці паўтарыць шлях дзеда Максіма.

      Тата, тата… Як рана ты пайшоў, і як позна я вылузаўся з вопрадня інфантыльнасьці…

      На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей – беспрасьветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданьне.

      Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы – Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі й не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасьля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла замурзаных мяне зь сястрычкаю ды прачытала пакінутую на стале цыдулку, зь якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася з камсамольскай пуцёўкай уздымаць цалінныя землі. Як хутка высьветлілася, тая пуцёўка чамусьці давала Паліне права прыхапіць з сабою маміну кофту і май зь сястрою срэбныя крыжыкі, атрыманыя пасьля хрышчэньня ў копыскай царкве.

      Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне відавочна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасьць у гэтай зацятай вайне заўсёды зь нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў.

СКАЧАТЬ