Название: Рыцар Янка і каралеўна Мілана. Таямнічае каралеўства
Автор: Алег Грушэцкі
Издательство: Четыре четверти
Жанр: Фэнтези про драконов
isbn: 978-985-581-420-8
isbn:
– А цяпер?
– Цяпер у вязніцу можна трапіць нават за тое, што кепскае сказаў пра новага караля ці яшчэ нешта такога кшталту.
– Як жа вы тут жывяце, калі нават нельга тое, што думаеш, казаць? – здзівіліся Янка і Мілана ад такога дзікунства.
– Так, вельмі цяжка цяпер стала.
– Ды няўжо няма ў вас рыцараў, якія б маглі адужаць гэтага злоснага караля?..
– Рыцары? Ха! Вядома ж, ёсць!
– Дык дзе ж яны?
– Дзе-дзе?! Вунь там яны і ёсць, – кіўнуў Вуж у бок вязніцы. – У турме, у самых жорсткіх варунках. Волх усё робіць, каб зламаць іх дух. Каго з іх вынішчыў, а каго не, дык робіць усё, каб яны зайздросцілі тым, хто загінуў.
– Ну і парадкі тут у вас.
– Яшчэ тыя, – ізноў цяжка выдыхнуў Вуж.
– А няўжо яны не могуць учыніць бунт ды вызваліцца з-за кратаў?
– Ды не ўсё так проста. Іх адмыслова пасадзілі ў розныя камеры, каб не мець магчымасці размаўляць міжсобку. Апрача ваўкалакаў і іншых пачвар, іх пільнуе і Цмок. Таму ўцячы адтуль да смерці падобна.
– Ну не ведаю, што лепей: памерці вольным ці жыць пад прыгнётам?
– На жаль, дух жыхароў нашага некалі славутага каралеўства амаль зламаны. Усе супраць новага караля, але ў іх не стае духу, каб сабрацца разам, даць адпор яму ды ягоным пачварам і ўрэшце зрынуць яго. Магчыма, няма таго, хто аб’яднаў бы ўсіх ды павёў на змаганне пад сваім камандаваннем. А пакуль усе запалоханыя, моўчкі сядзяць па закутках.
– А хто асноўныя яго паслугачы?
– Не ведаю. Але… Вунь бачыце ў полі зняволеных? Прыглядзьцеся. Наўзбоч іх такія адметныя буйныя чорныя фігуры.
– Так, бачу, – прамовіў Янка.
– Гэта яго верныя ваўкалакі. Адзін такі можа раскідаць адразу з дзясятак звычайных людзей.
– Сапраўды, з такім сам-насам не дасі рады.
– Ха! Не тое слова.
– Яны не толькі моцныя. Яшчэ і хуткія, і спрытныя. Таму гэтыя зняволеныя, што працуюць на палетках, нават і не спрабуюць уцячы. Гэта проста бессэнсоўна.
– Гэх, каб ведаць, чым, – махнуў рукой раззлаваны такой несправядлівасцю Янка, – з радасцю дапамог бы.
– Мы дапамаглі б, – выправіла яго сястра, – мы!
– Дзякуй і на добрым слове, ужо прыемна, – лагодна ўсміхнуўся Вуж.
Яны яшчэ крыху пастаялі, са шкадаваннем і абуранасцю назіраючы за працай зняволеных жыхароў каралеўства, пакуль Вуж не нагадаў:
– Ну што, хадзем да Пугача?
– Так! – рашуча выказаўся Янка, якога пачалі захлістваць эмоцыі. – Цяпер я дакладна адчуваю, што трэба да яго ісці.
– Не паспрачаешся. Тады рушым у дарогу! А шлях некароткі, Пугач далёка забраўся ад усіх.
– А што так?
– Ды хто ж яго ведае. Можа, каб не назалялі. Я ж казаў, не дужа ён ахвочы да размоў.
– Зразумела.
СКАЧАТЬ