Галасы (зборнік). Макс Шчур
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур страница 7

СКАЧАТЬ мае права ў мяне адбіраць. Адзінае, што яшчэ можна паспрабаваць зрабіць, – гэта іх схаваць, як падказвае мне мой інстынкт, успадкаваны ад маіх продкаў, вечна кімсьці акупаваных сялянаў.

      Як вы ўжо маглі здагадацца паводле тону маіх нараканняў, я эмігрант. Але сувязяў з радзімай не страціў. Напрыклад, нядаўна адзін сябар даслаў мне смс: «Ты жывы?» Маўляў, хтосьці распаўсюдзіў чуткі, што мяне забілі, разрэзалі на кавалкі й раскідалі па горадзе. Дзіўна, што і праз дзесяць гадоў пасля ад’езду я выклікаю ў сваіх знаёмых асацыяцыі з нейкімі падобнымі прыгодамі: людзей усё яшчэ пераследуе ўява таго, што са мною можа здарыцца нешта горшае за тое, што я застаюся ў жывых. Што я мог яму адпісаць? Толькі тое, што такую важную рэч, як пазбаўленне жыцця, нельга даручаць іншым людзям і што ў такім выпадку абавязуюся своечасова паведаміць пра сваю смерць усім зацікаўленым. Тады мне здалося, што я ўдала пажартаваў.

* * *

      Здаецца, што нядзеля і панядзелак памяняліся месцамі – учора на будоўлі пад акном цэлы дзень грукаталі працоўныя прылады, затое сёння ўва ўсей вёсцы пануе настолькі глыбокая цішыня, што мне нават пачало не ставаць тых ненавісных мне гукаў. У звычайныя дні маторы за акном гудуць увесь час, як рэанімацыйныя прыстасаванні: адчуванне, што, калі б яны адключыліся назаўжды, адключыліся б ад сваіх кіслародных падушак і ўсе насельнікі вёскі, як тыя зомбі ў якім галівудскім фільме.

      Пад маім акном ужо доўгі час будуецца нейкая віла, і калі меркаваць паводле прагрэсу й размаху працаў, то цалкам магчыма, што з яе аднойчы вылупіцца новая Вавілонская вежа. Прынамсі, за тры гады праз гэтую будоўлю прайшлі ці не ўсе народы свету: славакі, цыгане, украінцы, манголы, в’етнамцы, афрыканцы… Засталося яшчэ, каб да іхнага ліку далучыўся і я. Думаю, што неўзабаве так яно і будзе. Менавіта таму грукат працоўных прыладаў настолькі мяне раздражняе. Але сёння за акном цішыня, затое за дзвярыма з самай раніцы шумна гаспадараць суседзі. Прыходзіць страшная думка: няўжо яны ўжо жэняць сваіх дзяцей? Як я мог пражыць тут столькі гадоў і не заўважыць, што іхныя дзеці выраслі? Здаецца ж, яны толькі паспелі нарадзіцца… Хаця хто ведае, што ў маіх суседзяў за культурны бэкграўнд і ці ёсць у іх нейкія ўзроставыя абмежаванні на шлюбы. Такім чынам, неўзабаве ў доме дзяцей будзе ў некалькі разоў болей… Падстава для чарговае эміграцыі.

      Суседзі ўспрымаюць мяне, як калісьці зусім іншыя суседзі ўспрымалі майго бацьку: падазроны тып. Чым меней яны мяне бачаць, тым больш, натуральна, пра мяне ведаюць. Тым не менш час ад часу я ўсё-ткі пакідаю сваю кватэру для таго, каб праверыць пошту, ну і яшчэ – каб выканаць абавязак, звязаны для мяне з найвялікшым прыніжэннем: прыбраць, у адпаведнасці з графікам і патрабаваннямі добрасуседства, лесвіцу. Заўсёды пасля гэтай дзесяціхвіліннай грамадска-карыснай працы я адчуваю вострую неабходнасць напіцца, каб пазбавіцца нервовага стрэсу. Апрача алкаголю, на мяне супакаяльна ўздзейнічае сузіранне мапы Аргенціны – прынамсі цягам першых дзвюх гадзінаў. СКАЧАТЬ