Галасы (зборнік). Макс Шчур
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Галасы (зборнік) - Макс Шчур страница 14

СКАЧАТЬ змяніўся да непазнавальнасці! Павагаўшыся з хвіліну, ён дастаў з некалі моднай скураной торбы замуляны сшытачак і выразным почыркам занатаваў вышэйзгаданы афарызм у свой шыфраваны дзённік, які вёў з сямігадовага ўзросту і ў якім з таго часу набралася ўжо добрых пяцьдзясят старонак. Сваю кволую нованароджаную думку Васільевіч спавіў, адвярнуўшыся ў куток, да тралейбуснага вакна, нібы саромеўся перад іншымі пасажырамі за самую яе наяўнасць. На іхных варожых нявыспаных тварах была напісаная нянавісць да ўсіх думнікаў свету, да якіх яны самі, вядома ж, не належалі.

      Сёння Васільевічу было асабліва няўтульна сядзець на скураным сядзенні тралейбуса – ён не мог засяродзіцца на тэксце ўласнае манаграфіі, якую мусіў да заўтра падрыхтаваць да друку, бо ў яго было дзіўнае адчуванне, што ён займае чыёсьці месца. Пры гэтым у тралейбусе не было ніводнага чалавека, які быў бы варты таго, каб яму гэтае месца саступіць. Вунь абапіралася на кульбу старая бабка з Камароўкі, вартая хіба толькі сякеры Раскольнікава, вунь хістаўся перапрацаваны п’янтос, вунь талдычыла сабе пад нос іншамоўныя вершы дзяўчынка-школьніца, вунь з непрыхаваным прафесіяналізмам абвілася вакол шаста цяжарная малалетка-распусніца… Як ніколі дагэтуль, Васільевіч адчуў сябе чужым сярод гэтых людзей, якіх язык не паварочваўся назваць ягонымі суродзічамі. Столькі гадоў ён падманваў сябе надзеяй, што здолее дагукацца да страчанай душы свайго народа, і вось цяпер адчуваў сябе парыем, якому ў гэтым горадзе няма месца нават у тралейбусе…

      Васільевіч ехаў са Свабоднага Радзіва, дзе браў удзел у перадачы на тэму «Як я правёў лета», у сваё (ах, каб жа яно насамрэч было ягоным!) выдавецтва, і яго жыццё праходзіла цяпер перад ягоным затуманеным шыбамі тралейбуса зрокам як ніколі выразна. Лета ён, між іншым, правёў на вёсцы, за чытаннем мала ўжо каму зразумелых кніг Лукаша Калюгі й Янкі Станкевіча, пра што і апавядаў на працягу сарака хвілін вядоўцу, які па-зямляцку запрасіў яго ў радыёэфір. Цяпер Васільевіч зноў замест восеньскае слаты бачыў за акном сенажаць, бачыў грыбы ў лесе, яшчэ не атручаныя радыяцыяй, бачыў руіны паблізнага панскага маёнтка, дзе ягоныя прашчуры працавалі конюхамі, чуў перадсмяротны віск суседскага кабанчыка, адчуваў смак крынічнай вады й смурод з драўлянае будкі калектыўнага карыстання – усё гэта ядналася ў ягонай галаве пад поймам «дзяцінства». Надта ж кароткай была тая райская пара бестурботнасці й гарманічнага зліцця з навакольным асяроддзем, перарваная неабходнасцю вучыцца грамаце й выпраўляцца ў вялікі свет…

      У адрозненне ад Пінокіа, Васільевіч вырас без таты Карла – ці насамрэч бацьку звалі Васілём, пэўнасці не было ні ў кога, але так ужо за ім замацавалася… Маці ягоная была даяркай-ударніцай (то-бок грала на ўдарных інструментах у калгасным ансамблі народнай песні) і часцяком наведвала з гастролямі вялікія гарады вобласці, адкуль аднойчы разам з граматай за трэцяе месца ў конкурсе музычнай самадзейнасці і прывезла на сваю галаву Васільевіча. СКАЧАТЬ