Джульета і экстрасэнс (зборнік). Таццяна Мушынская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна Мушынская страница 31

СКАЧАТЬ мора, і ўсюды вакол – маленькія і вялікія каналы, і зверху на іх ліў бясконцы дождж. І часам мастаку здавалася, што трапіў ён у дзівосны і падманлівы падводны свет. I гэты сон мусіць раней ці пазней скончыцца, бо ўсе сны некалі скончацца.

      Можа, і Ала з’яўлялася часткай сну? Незвычайна, фантастычна прыгожая, калі знаходзілася побач, яна здавалася цяпер амаль нерэальнай. Ці прысутнічала яна наогул у ягоным жыцці? Не, напэўна, усё ж была. Але нырнула, як русалка, у глыбіню, і шукай, дзе хочаш…

      Мікола не мог сказаць, што яму не хапае штодзённай прысутнасці гэтай дзяўчыны. Ежу ён і сам згатуе. Найбольш крыўдна было, што кінулі яго. Таго, хто сам распараджаўся ўласным лёсам і лёсам той, якая аказвалася побач. Ці не ўпершыню Мікола падумаў пра жанчын, з якімі ён развітваўся з такой лёгкасцю. Што павінны былі адчуваць яны? Такую ж крыўду, стомленасць, апатыю?

      Ала яму надзвычай падабалася. Апошнія гады ён пачаў менш паглядаць на іншых паненак, міжволі, чыста прафесійна вылучаючы ў натоўпе гарманічны твар. Чаму яна сышла? Ён не мог зразумець. Умовы задачы не сыходзіліся з адказам. Можа, справа ва ўзросце або надта вялікай, у дваццаць гадоў, розніцы паміж імі? Яму сорак пяць, ёй – дваццаць пяць. Яшчэ праз дваццаць гадоў ён будзе амаль стары, а ёй будзе столькі, колькі яму цяпер. Будзе? Не! Для яго не будзе…

      Яна гуляла не па правілах. Яны так не дамаўляліся! Карціны Алы правіселі на сценах пакоя некалькі гадоў, і пасля таго, як яна знікла разам з імі, на шпалерах засталіся больш цёмныя прамавугольнікі і квадраты, якія не паспелі выгараць ад сонца. Яны прыгняталі, і калі, перавесіўшы карціны, ён закрыў плямы, яны заставаліся ўжо не на яве, а ў памяці. Як напамінак пра маральнае паражэнне.

      Пасля таго, як Ала знікла, прайшло з паўгода. Спачатку ім валодала моцнае жаданне знайсці яе. Сустрэцца, пагаварыць і зразумець, што здарылася. Але ў такой сітуацыі прасіць быў вымушаны ён. А прасіць ён не любіў і не хацеў. Мікола мог прымаць нейчае захапленне як шчодры дар. Але чаму ён, мэтр, павінен бегаць за дзяўчынай, былой студэнткай, тэлефанаваць, прасіць пра сустрэчу?.. У яго таксама гонар прысутнічае. А мо яна перадумае ды вернецца сама?

      Месяц ішоў за месяцам, але Ала не вярталася і не нагадвала пра сябе. Мікола адчуваў: іх расстанне нібы пазначыла нейкую мяжу. Цяпер яму часцей хацелася цішыні і спакою. Хацелася, каб нарэшце спынілася мільгаценне жаночых твараў у ягоным жыцці. I застаўся адзін твар, у які можна ўзірацца бясконца і знаходзіць у ім усё новыя рысы і адценні.

      У сяброўскай кампаніі жанчыны радзей кідалі на яго позіркі, паменела сустрэч. Ён адчуваў стомленасць і ўжо не меў таго маладога імпэту, з якім некалі кідаўся, як у бурлівую раку, у вір эмоцый.

      Звычайна ва ўсіх складаных жыццёвых сітуацыях Міколу ратавала праца. Ён набіраў заказаў і працаваў як катаржнік, прыкуты ланцугамі да сцяны ў рудніку, або як раб на галерах. Працаваў днямі, пакуль вечарам стома не валіла з ног. Ехаць з майстэрні дахаты, СКАЧАТЬ