Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч страница 12

СКАЧАТЬ дзвярэй класа былі чуваць піск, стук, смех, пранізлівыя крыкі, і хлопчык пачуў у гэтым водгук таго памятнага галасу падчас нападзення Нітаў на Рагі. Яму здавалася, што калі ён увойдзе, усе кінуцца на яго і пачнуць лупіць. Стах спыніўся перад дзвярыма, дачакаўся, пакуль з падворку прыйдуць яшчэ два вучні, і толькі за імі зайшоў.

      Клас аж дыміўся ад рою разгарачанай дзятвы, якая барукалася, выкідвала каленцы, насілася па лаўках і гула.

      Стах уціснуўся ў сцяну ля дзвярэй і спалохана пазіраў на ўсё гэта. Спачатку на яго ніхто не звярнуў увагі, але неўзабаве новага прыбыша ўбачылі і абступілі.

      – Гэй, а ты хто такі, жыд ці лях? – запытаў хлапец гадоў чатырнаццаці з кірпатым носам на забіяцкім твары.

      – Ды жыд гэта, – заўважыў другі. – Морды бледнай не бачыў ці што.

      – Морда бледная, а боты шляхецкія, – улез трэці.

      – Кажы, хто такі! – загадаў кірпаты.

      Стах яшчэ мацней прыціснуўся да сцяны, злякана пазіраў на нахабаў і маўчаў.

      – Я – намеснік настаўніка, ты мне мусіш адказваць, – паведаміў самы нахабны.

      – Так-так, ён намеснік, – пацвердзілі ўсе прысутныя.

      – Ад сцяны адліпні, – пацягнулі яго за руку. – Як зваць?

      – Стась, – выціснуў хлопчык.

      Пасыпаліся смяшкі і фантазіі на тэму мянушак:

      – Стась! Плясь! Мазь! Гразь! Злазь!

      – Ціха мне! – абсек «намеснік». – Што ў цябе тут? – паказаў ён на другі зверху гузік Стахавага палітона.

      Стах зірнуў уніз, а кірпаты ў гэты час таргануў яго за нос так, што з вачэй іскры пасыпаліся. Не паспеў хлопчык нават ускрыкнуць, як нехта пхнуў яго ззаду і ягоным ілбом даў кірпатаму ў нос.

      – Ах ты морда ляшская! Прыпёрся ў расійскую школу ды яшчэ і б’ешся! – зароў той і адпіхнуў Стаха ад сябе. Хлопчык адляцеў і ўдарыў яшчэ кагосьці. Там яго зноў піхнулі і так кідалі туды-сюды пад смяшкі і абразы. Стах расплакаўся ўголас.

      Праз хвіліну прыйшоў настаўнік са стосам сшыткаў падпахай і кніжкамі. Пры яго з’яўленні ўсе імгненна заціхлі, выцягнуліся ў струнку і знерухомелі.

      – Доброе утро, дети, – павітаўся настаўнік.

      – Добрае утра, гаспадзін учыцель, – разнеслася па класе.

      – Габрэі могуць выйсці. Да малітвы, – скамандаваў той, кладучы сшыткі на стол.

      Паўтара дзясятка хлопцаў-габрэяў выйшла ў сенцы, астатнія разам з настаўнікам павярнуліся да кута, у бок святога абраза, і пачалі гаварыць малітвы: адзін перад самым абразом – голасна, астатнія ціха.

      Калі зайшоў настаўнік, Стах шмыгануў на ранейшае месца ля сцяны і цяпер цікаўна аглядаў клас.

      Па левым баку доўгай хаты стаялі ў чатыры шэрагі лавы, на пяць чалавек кожная. Па правай, у куце, з боку дзвярэй, – грубка, потым дошка, за ёю вялікі стол і крэсла, далей другая дошка і ў канцы – шафа. На версе першай дошкі былі замацаваныя вялікія літары з кардону, другую пакрывалі зямныя паўшар’і. Тынкаваныя і пабеленыя сцены абвешаныя партрэтамі СКАЧАТЬ