Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. Людміла Рублеўская
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Людміла Рублеўская страница 2

СКАЧАТЬ хочаш, – і палез ізноў у карэту, выкрыкваючы на развітанне насмешна. – Ото, шчасце, хлопча, займеў. Гэта муж вучоны, алхімік. Ён табе золата наварыць, засыплешся! Не забывайся толькі бакі яму падпраўляць калацінай, чарнакніжніку праклятаму!

      З карэты вылецеў папяровы скрутак проста ў твар Пранцішу, той ледзь паспеў яго схапіць.

      Фурман таксама падарыў ашалеламу Пранцысю на развітанне надта брыдкую ўсмешку, тузануў лейцы…

      Толькі калі карэта аддалілася на адлегласць свісту, Пранцысь трохі ачомаўся і перавёў позірк на сваё новае ўладанне.

      Чалавек моўчкі ўзняўся на ногі і абтрос доўгую чорную світку. Ягоны нос нагадваў дзюбу драпежнай птушкі, вусны пагардліва падціснутыя… Так што Пранцысю падалося, што гэта не ён купіў валасатага прайдзісвета, а зусім надварот. Ці не варта ўцячы падалей ад гэтага тыпуса, пакуль не позна? А раптам ён і праўда чараўнік… Пранціш разгарнуў звітак: гэта была аформленая, як належыць, папера на ўладанне слугою мужчынскага полу Баўтрамеем Лёднікам, майстрам навук таемных, доктарам ды талмачом, які з прычыны немагчымасці выплаціць доўг у дзвесце дукатаў даў прысягу служыць свайму пану пажыццёва, без платы і права сысці, і пан можа распараджацца ім, як яму заўгодна. Імя Пранціша крыху крыва ўпісалі на належнае месца, атрамант яшчэ не прасох, і апошняя літара прозвішча мела размазаны хвосцік, нібыта яе затрымалі, калі збіралася ўцякаць з падазронага аркуша.

      Між тым алхімік утаропіўся ў свайго новага гаспадара змрочным пранізлівым позіркам. Маўчанне зацягнулася, як варшаўскі сойм. Яго парушыў Бутрымус.

      – Ну?

      Пранцысь разгубіўся.

      – Рабіць што збіраецца мой гаспадар? Тут начаваць, ці як? Пан Пранціш, матка Боска… Толькі бязмозгага хлапчыскі мне не хапала за ўладальніка.

      Голас зоркаведа ажно рыпеў ад пагарды. Вырвіч пакрыўдзіўся. Урэшце, гэта не яго толькі што прадалі, як лапатнага мужыка, а фанабэрыстага доктара. Трэба паказаць яму, хто на якім шастку начаваць будзе!

      – Куды скажу, Бутрымус, туды і пойдзем… У бліжэйшую карчму, напрыклад.

      – Было б дарэчы, каб вы называлі мяне доктарам, – змрочна прамовіў Пранцысеў слуга. – Доктарскага звання мяне ніхто не пазбаўляў, гэтак жа, як Платон не перастаў быць філосафам, калі яго таксама прадалі ў рабства. – Памаўчаў, неахвотна працягнуў: – Карчма – гэта някепска. Апошні раз я еў… Даўно, карацей. Але за што там баляваць? Вы ж, як я разумею, апошні шэлег на маю каштоўную персону патрацілі?

      Пранцысь збянтэжана хмыкнуў. Праўда, грошай няма. А пан абавязаны клапаціцца пра сваіх слугаў. Якая павага да пана-галадранца, які й сабе кавалак хлеба не купіць? Праўда, цяпер Пранціш быў багацейшы за свайго татачку на цэлага слугу! У пана Данілы Вырвіча ніводнага халопа не засталося, калі не лічыць старой Агаты, усё спляжылася на карчомку.

      – А ў вас… у цябе ёсць грошы?

      Доктар абварыў юнака поглядам.

      – Каб у мяне былі грошы, мяне б тут не было. Ну што ж, рушым у карчму.

      І падыбаў у бок СКАЧАТЬ