Праклён. Валеры Гапееў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Праклён - Валеры Гапееў страница 31

СКАЧАТЬ яшчэ раз гэтым шляхам заваявання, адкрыцця новага цела, новых (павінны ж быць) пачуццяў.

      Аднак, з задавальненнем для сябе, Генадзь мусіў прызнаць, што на пляжы яго Людміла выйгравала ўва ўсіх жанчын і дзяўчат: акуратныя, цудоўнай формы сцёгны, як пляшачкі лыткі, аніводнай складкі тлушчу на жываце… Генадзь глядзеў на чужыя жаночыя фігуры з непрыемным адкрыццём: ён і не падазраваў, што гэтулькі жанчын маюць нізка апушчаны азадак, ці то кавалерыйскай формы сцёгны, худыя, або тоўстыя ў лытках ногі, непрыгожую паверхню скуры, а то і скулкі на грудзях… І ў дадатак, ён адзначаў тое, з якой прагай пазіраюць на ягоную Людмілу мужыкі. О, яна тут была каралевай, гэта факт…

      Людміла была ўмелай плыўчыхай, усё ніяк не магла насыціцца вадой, як для Генадзя – дык і вельмі халоднай. Сталі збірацца назад.

      Тут і здарылася.

      Салон угрэўся, было невыносна задушна ў першыя хвіліны. Людміла на сядзенні побач адкінулася ў крэсле, мужчынская сарочка, якую замест сукенкі яна адзела на пляж, была не зашпіленая, толькі трохі затуляла яе грудзі вольным крыссём.

      Нешта ў крыссі сарочкі, пасцы цела між імі падалося знаёмым, даўным, надзвычай важным, але незразумелым і ад таго невыносным. Са злосцю на пачуццё (ён ледзь не крыкнуў Людміле: “Зашпілі! Вываліла цыцкі, разляглася!”, але стрымаўся, болей з таго, што існавала нейкая кволая надзея: ён успомніць…), Генадзь стаў круціць люк у салоне.

      Пабачыў кавалак неба.

      І раптам адтуль выцяла так, што Генадзь на хвіліну замружыўся.

      У вачох быў лапік неба, які свяціўся над палоскай скуры між грудзей.

      – Во як падрала ўсё на сабе… Анягож, такі боль… Як іншым балела, яна не чула… От цяпер адбаліць за ўсіх…

      Генадзь не расплюшчваў вочы. Замёр.

      Запахла нечым старым… Успомніў – даўно не паленай, сырой грубай.

      Ён сядзіць на грубцы (гэта частка грубкі завецца ляжанка), якая закінутая нейкім покрывам. Праз шчыліну ён бачыць ложак, на якім ляжыць старая жанчына: ускудлачаныя валасы, шэры твар з заплюшчанымі вачыма і скрыўленым ротам, вострым носам. Светла-шэрая ночная кашуля на ёй падраная пасярэдзіне, відаць скуру пляскатых, мярцвянабелых грудзей. Ніжэй цела затуляе брудна-зялёная коўдра. З-пад яе выглядвае адна сухая шэрая рука ў мностве белых плям, перавязаная ля запясця.

      Раптам старая на ложку скаланаецца, цела як быццам нехта штурхае знізу, рука спрабуе ўзляцець, але застаецца прывязанай.

      – А-а-ы-ы! А-а-ы-ы!.. – крычыць старая страшным, нялюдскім голасам, які цалкам забірае ў сябе маленькага Генадзя, ён не можа працівіцца яму, не можа выдрацца. Ён адгукаецца на голас. Так, ён разумее, што ён – маленькі, што на ложку яго бабуля. Ён ужо даўно чуў яе крыкі, яго праганялі з пакойчыка, забаранялі ісці на другую палову дома, ён мусіць спаць у пуні, там смачна пахне сена і ўначы шумна дыхае карова, а яму карцела… Не, не проста карцела – яго цягнуў, ім кіраваў, яго заварожваў сваёй нечалавечнасцю СКАЧАТЬ