Название: Кніга пра Нішто (зборнік)
Автор: Валянцін Акудовіч
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Философия
Серия: Collegium Sarmaticum
isbn: 978-985-6991-92-2
isbn:
Разам з тым, за выняткам зацятых матэрыялістаў (і ў старажытнасці, і потым), што канцавалі я-чалавека сумай тых «стыхіяў», якія ў ім апазнаваліся, – усе астатнія вышуквалі яшчэ нешта звыш «стыхіяў», каб праз гэтае «звыш» надаць я-чалавеку значэнне чалавека.
Гэты «элемент чалавека» ў я-чалавеку шукалі ва ўсялякую пару, калі я-чалавек сам сябе хоць трохі цікавіў. Але не знайшлі, не зважаючы на яго, здавалася б, відавочную наяўнасць, бо хоць каму амаль немагчыма ўявіць такое складанае структурнае ўтварэнне, як я-чалавек, зыходзячы з таго, што сітуацыя я-чалавека ствараецца па-за ім самім і зусім незалежна ад яго самога ці хаця б ад нейкай трансцэндэнтнай сілы, што трымае апеку над ім.
Паколькі «элемент чалавека» ніяк не жадаў аб’яўляцца на людзі, давялося пазначыць ягоную наяўнасць гіпатэтычна, выкарыстоўваючы дзеля гэтага самыя розныя гіпотэзы ды паняткі. Бадай найбольш устойлівым сярод мноства самых неверагодных версіяў і па сёння застаецца тое, што звычайна называецца душой (у сваім вышэйшым вымярэнні – духам). Сярод філасофскіх гіпотэзаў «элемента чалавека» асабіста мне падаецца найбольш цікавай версія Лейбніца, якая трымаецца яшчэ да яго здумленай манады.
Уласна, «манадалогія» Лейбніца – гэта ў пэўным сэнсе арыгінальная інтэрпрэтацыя «эйдалогіі» Платона. Але калі эйдасы Платона праектуюць сваю ідэалогію на ўсё сінгулярнае аднекуль з універсуму трансцэндэнцыі і такім рэтрансляцыйным чынам абавязваюць сінгулярыі прыпадабняцца тым ці іншым эйдасам, дык манады непасрэдна ўдзельнічаюць у форме і спосабе адбывання быцця ўсялякім атрыбутам існага. Паводле Лейбніца кожная жывая істота (неарганічная структура таксама) мае сваю апрычоную манаду – духоўную, душэўную, энергетычную адзінку субстанцыі быцця.
Манады бесцялесныя і гранічна індывідуалізаваныя. Яны замкнутыя самі ў сабе і не маюць ні «вокан», ні «дзвераў». Аднак, з другога боку, усялякая манада ёсць «жывым люстэркам універсуму» і справа толькі ў тым, наколькі менавіта ў гэтым фармаце яна здольная разгарнуць свае складкі, каб выявіць універсальнае цэлае быцця.
Манадалогія Лейбніца яшчэ доўга будзе выклікаць да сябе ўвагу гісторыкаў філасофіі. Але калі б гэтая гіпотэза XVII стагоддзя нейкім чынам рэальна зафіксавала сваю ісціннасць, дык і тады яна не шмат чаго дадала б на карысць сапраўднасці я-чалавека ў тых значэннях, якія яму тут падшукваюцца. Хутчэй наадварот. Бо манада зусім не набліжае я-чалавека да таго, што паўстае з сябе дзеля сябе, а адсоўвае яго ў чын таўталагічнага элементу ўніверсальнай праявы быцця. (Гэта нават калі не зважаць на тое, што сваім паходжаннем манады абавязаныя ўсё таму ж Богу. Ён, як сейбіт зерне, жменяй раскінуў манады па ўсім Сусвеце, і з таго часу яны, не стамляючыся, прарастаюць каліўцамі існага.)
Пры ўсёй сваёй гранічнай апрычонасці, манада – толькі энергія, вітальная сіла, якая на пэўны час арганізуе тую ці іншую форму рэальнасці. Як толькі СКАЧАТЬ