Чужая бацькаўшчына. Вячаслаў Адамчык
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Чужая бацькаўшчына - Вячаслаў Адамчык страница 19

СКАЧАТЬ я сабе думаю, у каго ж гэта, як не ў Алесi, ёсцека белы конь.

      Пераехалi сухую, белаватую ў нiзкiм змроку шашу, за ёю ў белых слупках высланы дошкамi пераезд на вузкай калейцы. Тонкiм, як шкляны, гудам празвiнелi над галавою тэлефонныя правады. Перамешаная з цiшшу глухая ноч абняла начлежнiкаў. Вастраваты сiверны вецер чуўся ў полi, граў у вушах. Пахла ветранiнаю, гноем i едкiм потам ад коней. Па небе сунулiся нiзкiя, набрынялыя снегам хмары, сцiраючы, як мокрай анучай, перад сабою зоркi. На грудах, напроцi жаўтлявага каламутнага неба, чорным гарбом уставаў, падымаўся хвойнiк – яшчэ верасаўскi, – за iм ужо хавалася ў iмгле ночы лезнявiцкае поле.

      Начлежнiкi ехалi цiха. Толькi фыркалi – знак, што будзе добрая дарога, – ды ўразнабой тупалi конi, часам дзе цюкнуўшы падковай аб камень. Збоку дарогi воўчым вокам блiшчала на хутары акно, прысадзiстымi копамi чарнелi гумно i хата.

      Збоку белаватай, падсушанай марозам дарогi стаялi, як папы ў доўгiх расах, два ялаўцовыя кусты.

      – Хлопцы, дальбуг, нехта стаiць! – не то смеючыся, не то з перапалоху паказаў рукою малады хлопец у скамечанай кепцы, што ехаў наперадзе.

      – Не бойся, гэта ялавец, – азваўся нехта з начлежнiкаў.

      – Здаецца, кустоў тут нiколi i не было, – паспакайнеўшы ўжо, загаварыў хлопец.

      – Уночы ўсё iначай бачыш, – сказаў Алесiн малацьбiт.

      Дарога разышлася вiламi: адзiн канец iх упiраўся ў хвойнiк, другi роўненька пашыўся полем.

      Начлежнiкi звярнулi ў лес. Перагонамi па густых прысадзiстых хвойках хадзiў вецер, лес шумеў, як шумiць, падаючы з заставак, вада. Гэты мяккi шум лашчыў душу, але недзе за плечы краўся страх. Церлася, як хто скрыгатаў зубамi, лапа аб лапу. Лускала, нiбы ў пераспелым гаросе струкi, сухое галлё. У гушчары хвоек каламутнасцю асядаў, хаваўся, як што жывое, поцемак. Пахла зялёнаю маладою смалiною, ельнiкам, як на хаўтурах.

      Конi насцярожылiся i застрыглi вушмi – яны ўжо, мусiць, чулi ваўкоў. Тут, недалёка за лезнявiцкiм жытам, у глыбокiх, пазарастаных старым ялаўцом равах, каля пясчаных выдмаў, дзе былi конскiя магiлкi, вялiся ваўкi.

      Начлежнiкi спынiлiся на папярочнай дарозе, што iшла мiж верасаўскiм лесам i лезнявiцкiм полем, i пачалi саскокваць з коней.

      – Ну, стой! Чаго баiшся? Тарапкi ўжо ў вачах стаяць? – злаваў нехта, прысядаючы каля пярэднiх канёвых ног, i, закруцiўшы пута, ляпаў каню па лапатцы, гнаў яго на рунь. Конь, махаючы галавою i паднiмаючы абедзве нагi разам, скакаў па рунi. Чуваць было, як правальвалася яшчэ не ўмёрзлая скарынка зямлi.

      Трывожная, перамешаная з ветрам цiш ляжала над цёмным ад рунi полем. На маладым разгалiстым дубку з краю дарогi шапацела сухое, скручанае ў трубку лiсце – па iм, здавалася, як сек дробны дождж. Працiнаў холад. У жаўтаватых, разарваных хмарках за хвойнiкам задрыжала вялiкая чырванаватая зорка. Сышоўшыся ў купку, начлежнiкi маўчалi, узiралiся на коней, што, не датыкаючыся да рунi i спуджана задзiраючы галовы, задамi цiснулiся адзiн да аднаго.

      – Недзе ж круцяцца тут, – сказаў Алесiн малацьбiт у авечай шапцы i, паўзiраўшыся ў шарую, нiзкую цемнату ночы, турзануў Мiцю за рукаво: – А вунь, вуньдзека яны!

      – Дзе? СКАЧАТЬ