Название: …І прыдбаў гэты дом
Автор: Мікола Адам
Издательство: Четыре четверти
Жанр: Историческая литература
Серия: Жаночыя лёсы
isbn: 978-985-581-340-9
isbn:
Дзяўчынцы пашанцавала, што бацька ішоў паўз новабудоўлі, побач з кар’ерам. Калі б не ён, Танюха патанула б. Ужо цямнела, да таго ж месца, у якім яна апынулася, было бязлюдным. Бацька яе і не бачыў. Ён яе пачуў. Яе здзіўлены ўскрык, калі тая боўтнулася ў ваду. Дарэчы, брудную, мутную, з вясёлкавымі разводамі ад мазуту.
Наглытацца гэтай дрэні Танюха не паспела. Бацька выхапіў яе рыўком, быццам з кракадзілавай пашчы, што клацнула зубамі ўхаластую. Яму таксама не прыйшлося лезці ў ваду. Каля берага хапала іншых самаробных плытоў, з якіх бацька выбраў самы вялікі і павеславаў да тапельніцы. Заміж вёслаў выкарыстоўваліся доўгія (метраў за два) драўляныя шасты, таксама самаробныя і нават габляваныя. Глыбіня кар’ера была ўнушальная. Пры веславанні бацькаў шэст пайшоў пад ваду ці не ўвесь, ён нават спалохаўся. А дзеці ж, без усялякага прыгляду з боку дарослых, таўкліся пасля школы ў гэтым штучным моры – і нікому ніякай справы.
Карацей, выбраліся бацька з дзяўчынкай на сухое. Тая, рудая і канапатая, адразу зарумзала, як агледзела сябе, бо яе ж айчым прыб’е, калі яна з’явіцца дамоў у такім выглядзе. І бацька Танюху павёз на таксоўцы ў інтэрнат, ні на хвіліну не задумаўшыся, што пра яго могуць падумаць, калі пабачаць разам з мокрай дзяўчынкай. Ім кіраваў, бясспрэчна, здаровы розум. Хоць яшчэ было досыць цёпла, верасень толькі пачынаўся, дзяўчынку неабходна было атуліць цеплынёй ад шоку і ўнутранага холаду: яе трэсла, што паралітыка. Ён нічога пра яе не ведаў, але яму хапіла слоў пра айчыма, каб прыняць адзінае правільнае рашэнне. Танюха ж даверліва ўткнулася ў яго бок, быццам ён быў яе родным бацькам. Яна не захацела нікуды ад яго адыходзіць у інтэрнаце, бо ён меў намер папрасіць дапамогі ў знаёмых жанчын, і давялося ўсё рабіць самому. Добра, што душавыя кабіны знаходзілiся ў кожным блоку, куды бацька ўпіхнуў Танюху і загадаў неадкладна стаць пад гарачую ваду. Яна запатрабавала, каб бацька застаўся каля дзвярэй з другога боку і размаўляў з ёю, дакладней, расказваў бы што-небудзь цікавае. Бацьку давялося паслухацца.
Ён распавёў дзяўчыне пра сем самураяў, фільм пра якіх глядзеў у кінатэатры на тым тыдні. Першую палову стужкі, зразумела, праспаў, але, прачнуўшыся, адзначыў, што нічога цікавага не прапусціў, нібыта і не спаў зусім. Заснуў бацька, між іншым, у знак пратэсту. Ён хадзіў у кінатэатры толькі дзеля таго, каб глядзець кіно ў колеры, а трапіў на чорна-белае, да таго ж старадаўняе, а ў прыдачу яшчэ і японскае. Чорна-белае можна было глядзець і па тэлевізары, не выходзячы з дому і не плоцячы рубель за сеанс. Бацька ўвогуле не любіў замежнага кіно, за выключэннем французскіх стужак з Бельмандо, і на «Сем самураяў» трапіў выпадкова, за кампанію. СКАЧАТЬ