Крыштальная ноч. Дар’я Трайдэн
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Крыштальная ноч - Дар’я Трайдэн страница 1

СКАЧАТЬ ла на гузік, ён праслізнуў у дзірку і расшпіліўся. Брудна-ружовая футрачка знялася разам з рукавіцамі (яны трымаліся на гумцы, што працягвалася праз рукавы). Шапка, якая ўвесь час лезла на вочы, калючы шалік, мокры ад майго подыху, дутыя непрамакальныя нагавіцы і чорныя боты маці зняла таксама. На чырвоныя калготы абула карычневыя сандалі (амаль усе дзяўчынкі з групы мелі каляровыя, зыркія, а на святы прыходзілі ў белых. Мая святочная пара была цёмна-вішнёвая. Гэта было адзіным выключэннем на кожным ранішніку, і я адчувала, як усе бацькі, дзеці, звяры і Дзед Мароз глядзяць на мае ногі, глядзяць і не ведаюць, што я тут ні пры чым, я не хацела). Я павінна была ісці туды, у групу. Дадому – толькі вечарам. Толькі б не апошняй. Мама падштурхнула мяне да адчыненых дзвярэй. Я пераступіла цераз лінію сутыкнення двух розных адценняў лінолеуму. Святло, мітусня. Спінаю адчула скразняк, пасля пачулася рыпенне – мама сышла. Стрымала жаданне бегчы за ёю, крыкнуць уніз лесвіцы што заўгодна, зараўці без словаў, без сувязі, каб гэта быў проста гук загнанай у пастку жывёлы, унутры якой трушчацца косткі. Нават не заплакала – не трэба, не мае сэнсу, нельга, каб яны бачылі.

      Марта і Марыя раскладалі лялькі і іх сукенкі, Вова і Саша сутыкалі жоўтыя грузавікі, Каця раскладала фарбаваную драўляную гародніну, усе пачыналі гульні, і тыя раз-пораз зліваліся: лялькі ішлі ў краму, грузавікі збівалі іх, наязджалі на ногі Марыі і Марты, і цяжкія штучныя яблыні каціліся па чырвоным дыване. Я прайшла да свайго стала і лёгка пацягнула шуфлядку. Старое дрэва не зрушыла. Я ведала, што трэба рэзка торгнуць і вытрываць енк і віск, якімі абавязкова суправаджалася адкрыццё. У шуфлядзе ляжалі мае фламастары, алоўкі, размалёўкі, папера. Але пакуль нельга. Толькі пасля сняданку. Я пачакаю, я пасяджу тут.

      Неяк рана мы сёння. Я сяджу, а ежу ўсё не нясуць, і іншыя дзеці ўсё гуляюць. Звычайна я сядзела, занурыўшыся ваўчанём пасярод паляўнічага гону, трывала павольны рух часу, не глядзела на іншых. Адлічвала гадзіны, як умела – сняданак, шпацыр, абед, сон. Чакала, калі можна будзе сысці, калі ніхто не будзе пільна назіраць, прымушаць, трымаць, заглядаць у талерку, ложак, вочы, сціснутыя далоні, кішэні, калі ўсе гэтыя чужынцы разыдуцца, знікнуць, суцішацца і пакінуць мае вушы ў спакоі. Але сёння сняданак не нясуць так доўга. Я падняла вочы. Я паглядзела на іх, абвяла позіркам памяшканне, усе яго каляровыя плямы, ружовыя рукі нянечкі, потны твар выхавацелькі, хвасты, косы, абветраныя падбароддзі, саплівыя насы. І ўбачыла яе.

      Незнаёмая, іншая, не падобная да дзіцяці сваім бэзавым вытанчаным строем і выразам твару. У яе былі два хвасты, смуглявая скура, карычневыя спрытныя вочы, тонкія вусны з прыгожай прыпухласцю ўнізе.

      Яе звалі Маргарыта. Я даведалася яе імя, бо ўстала з-за стала і падышла да яе, ціха села побач, пасунула ў яе бок далонь. Яна глядзела на падлогу, туды, дзе расцякаліся непрыгожыя карычневыя ўзоры дывана. Яна паглядзела на маю далонь. На прыдалонне. У твар.

      Упершыню, здаецца, у мяне была сяброўка. Мы размаўлялі, я распавядала ёй пра тое, што робіцца ў нашым садку, хто з нянечак глядзіць, ці спяць падчас ціхай гадзіны, а каму ўсё роўна. Паказвала, як можна пранесці ў спальню забароненыя там цацкі. Прайшоў сняданак, мы хадзілі на шпацыр, абедалі, зноў гулялі. Мая шуфлядка з фламастарамі і алоўкамі ніводнага разу не адчынілася. Я люблю маляваць, але як прыемна займацца іншым.

      Сёння я сыходзіла з дзіцячага сада з нецярплівым жаданнем вярнуцца – там з’явілася нешта такое, чаго больш нідзе няма, і я не магу хацець застацца дома, не жадаю больш прыкідацца хворай, абы толькі мяне пакінулі ў ложку (пасля таго, як маці зачыніць дзверы, адлічваеш да дваццаці, пасля блытаешся і пачынаеш з адзінкі, і хутка ўжо можна спусціць на падлогу босыя ногі, і маляваць, і гуляцца, размаўляючы на розныя галасы).

      Ісці было цяжка. Цела налівалася свінцом, гарачым, вадкім, і я адчувала, як той плёскаецца знутры галавы, шуміць. Зімовае неба навальвалася на маю ружовую футрачку, забіралася ў рот і нос, і там станавілася металам. Усё было цяжарам і гарачынёй.

      Увесь вечар я марыла пра Маргарыту і пра нашыя гульні. Заўтра будзе яшчэ адзін дзень побач з яе прыгажосцю, будзе яе голас у адказ на мой, будзе сумесны шпацыр, магчыма, мы нават пачнем маляваць разам… О, як было б цудоўна паказаць ёй мае сшыткі і альбомы, растлумачыць, якія гісторыі распавядаюць малюнкі, пабачыць, як сама Маргарыта дамалёўвае нешта да іх…

      Ноччу я прачнулася ад жару ва ўсім целе і ў галаве. Мама прынесла градуснік, і чырвоны слупок у ім узняўся высока.

      – Ляжы, ляжы, ты нікуды не пойдзеш.

      Трэба хутчэй прачынацца, трэба ўстаць, апрануць нелюбімыя дутыя нагавіцы, боты (я проста заткну шнуркі ўнутр, калі мама не дапаможа), калючы шалік (але я нават не войкну ад яго дотыку), штучную брудную футрачку…

      Я думала ліхаманкава, хутка, я не зважала на дэталі, я ведала толькі адно: трэба ісці, трэба быць там, як заўгодна, але зараз. Трызненне перапынялася снамі, і ў іх крыштальных пухірах я бачыла Маргарыту пасярод пекла дзіцячага сада, у коле нованароджаных цёмных сяброўстваў, у зграі крыку і тлуму, у здаровай СКАЧАТЬ