Название: Крыштальная ноч
Автор: Дар’я Трайдэн
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка». Пункт адліку
isbn: 978-985-7207-41-1
isbn:
Там, на апошнім мосце, Люта зразумела, што ніколі не народзіць. На гэтай зямлі, якая магутна дыхае праз сон, нельга даваць жыццё, бо не чалавечая маці можа ратаваць і бараніць – толькі вялікая маці-зямля, нялітасцівая і няўважная. Ад любові ўзнік страх, ад замілавання сілай, уладай і чараўніцтвам чорнай разоры – бяздзетнасць. Люта думала, што зможа перагуляць тое, што вылекавала яе, што пасля не аднойчы забівала, закалыхвала, заваблівала і труціла.
Люта не хацела дазволіць зямлі прымусіць яе да новага падарожжа, да малітвы, да ўкленчвання на сёмым мосце побач з дзіцём, якому не дапамагаюць чалавечыя лекі.
«Можа, кадук з’есць маіх немаўлят, можа, хапун ухваціць іх за ручкі і звядзе прэч. Лізун зліжа, ламец зламае. Можа, вужалка пакрыўдзіцца на майго сына і адпомсціць яму, можа, лазавік завядзе маю дачку, заблытае.
То хай яно спыніцца, хай не будзе ў Віргінаў нашчадкаў, хай гэты выкляты радавод чорных удоваў і пасівелых заўчасна мужчын забудзецца і занепадзе», – так шаптала Люта Віргін у сваім першым жыцці, так загаворвала сваё каханне, сваю апантанасць думкай пра ружовую дзіцячую скуру.
Калі беларуская жанчына кажа «хачу», зямля адказвае ёй «перахочаш».
Калі беларускі мужчына кажа «зраблю», зямля ўсміхаецца «паглядзім».
Зямля не даравала Люце наўмыснага пазбягання яе ўлады: выпхнула ў другое жыццё так, як ставяць у кут неслухаў, прымусіла глядзець у безвыходную лінію сутыкнення плоскасцяў, у белую сцяну паміж быццём і нябытам. Люта наноў пражывала мінулае, тонучы ва ўспамінах пра няпэўныя сны і крыўды дзяцінства, пакуль не дайшла да сёмага моста, да таго жаху і захаплення, да свайго бунту супраць таемных моцных істотаў, якімі поўніліся лясы і балоты.
Пасля Люце дазволілі выйсці, скочыць у чорную ваду, памерці ад зямлі ў лёгкіх.
Хто мы? Чаму зямля жарэ нас, быццам мёртвае мяса? Мы жывыя, мы прыдуманыя, мы пакалечаныя забаронамі на жыццё і мастацтва.
Я думаю пра Люту Віргін, жанчыну з прывіднымі рухамі, маркотнымі валасамі і горкай скурай. Зараз у яе новая магіла, другая за жыццё. На гэтае пахаванне ніхто не прыйшоў. Люта Віргін пасля яго не прачнулася: схаваная пад крыжом з чужым імем, якое прыдумалі ў міліцыі, яна ляжыць і трымае мёртвымі рукамі сваё цёмнае чэрава: усё скончана, нічога не скончана.
Калі я вымаўляю слова «зямля», ніз жывата сціскае экстатычны спазм.
Калі я ўяўляю вільготную чарнату размытай дажджом глебы, вочы закрываюцца, і язык павольна слізгае па вуснах.
Баразна. Разора. Гліна. Чарназём. Пясок. Суглінак.
Я б хацела кахацца на аголенай зямлі, адчуваць яе водар, холад, правобраз будучага магільнага покрыва. СКАЧАТЬ