Название: Вяртанне Ліліт
Автор: Юлія Шарова
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
isbn: 978-985-7165-78-0
isbn:
Знаходзіць сабе сябровак Мілана не думала: яна зусім не пакутавала з тае нагоды, што не мае з кім паразмаўляць. Калі ў тваёй памяці тысячы жыццяў, праз якія ты прайшла сама, то няма ахвоты насіць у сабе яшчэ і чужыя праблемы. Але Таня налучылася зусім выпадкова – разам падавалі ў міліцыі дакументы на замену скрадзеных пашпартоў.
Таня займала пасаду менеджаркі ў гандлёвай фірме і рабіла там выгляд, што складае таварна-транспартныя накладныя, а насамрэч усцяж чакала, ці напіша ёй начальнік Дзяніс нешта цалкам звычайнае, але з непрыстойным падтэкстам. Ён умеў: то ў яго настрой прыўздымаўся, то здараўся інтэлектуальны аргазм, то падатковая гуляла з ім у БДСМ.
Дзянісу было трыццаць гадоў. Ён меў росту пад метр дзевяноста, даволі грунтоўны памер пінжака, пухкаватыя рукі і жывот (але Таня ўважала гэта мілым і ўтульным), кватэру на тры пакоі і «аўдзі» ў добрым стане – усё проста, але з густам. Яшчэ ён часцяком насіў гарнітуры і гальштукі, а Таня з маленства млела па мужчынах у пінжаках. Дзяніс быў нежанаты і заўсёды казаў, што марыць сустрэць тую, адзіную. Таня спадзявалася стацца адзінай, а пакуль штодня картавала таллю Таро Райдэра – Уэйта, спрабуючы даведацца, ці шмат у яе канкурэнтак.
Карты нічога не казалі. Або казалі нешта такое, што Таня прачытваць не хацела. Тады яна зноў збірала таллю і церабіла яе да тае пары, пакуль на пачуцці Дзяніса да яе не выходзіла Каралева кубкаў ці тройка манет. Наступным днём начальнік пісаў Тані ў скайп эротыкападобныя двухсэнсоўнасці, але сыходзіў з працы раней за ўсіх, а сціплая менеджарка дабіралася дадому падземкаю і аўтобусам, спадзеючыся, што неўзабаве яе пакатаюць машынаю.
Мілана не думала выслухоўваць Таніны споведзі, але ж новая сяброўка ўмела стрыгчы валасы і рабіць манікюр, педыкюр і шмат чаго яшчэ, на што звычайная дама траціць немалыя грошы ў салонах. Слухай сабе пра пакуты кахання і атрымлівай дагледжаныя кіпцюрыкі.
Таня прыходзіла ў госці да новай сяброўкі, піла на гаўбцы звараную ў джэзве каву з кардамонам і слухала тлумачэнні раскладаў, якія ёй рабіла Мілана, – а ўжо ў варажбе яна была геніяльнай.
Неўратычныя карцінкі Таро Сакрэтаў мільгацелі пад далікатнымі пальцамі варажбіткі, а сама яна нагадвала Каралеву булаваў у гэтай таллі, асабліва калі надзявала смарагдавага колеру сукенку. Раз-пораз Мілана ўздымала левую руку і масажавала сабе патыліцу ды моршчыла твар, быццам ад болю. Чорны кот з элегантным белым жабо і белымі вусамі прыходзіў да гаспадыні і цёрся аб ногі.
– Гэта Мурмур… – казала Мілана.
– Можна проста Мурчык? – пыталася Таня.
Кот свідраваў яе позіркам мядова-жоўтых вачэй, маўкліва пратэстуючы супраць такой плебейскай мянушкі. Ён укладаўся на каленях у гаспадыні і са скепсісам глядзеў на госцю, якая ўсё распытвала пра лёс сваіх стасункаў з Дзянісам.
– Ты яму цікавая, – мовіла варажбітка. – Але ты не адзіная. У яго не можа быць адзінай. У такога мужыка заўсёды нехта ёсць і ніколі нікога няма.
– Мажліва, СКАЧАТЬ