Мы з Санькам – артылерысты. Іван Сяркоў
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Мы з Санькам – артылерысты - Іван Сяркоў страница 16

СКАЧАТЬ такое афіцэр, ды яшчэ артылерыйскі? Ён павінен быць пісьменным, і не проста пісьменным, а шырока адукаваным чалавекам, каб разбірацца не толькі ў гарматах, ён павінен быць, нібы дома, і ў літаратуры, і ў мастацтве, і, калі хочаце, у музыцы. Афіцэр – гэта свецкі чалавек, а не салдафон з пустой галавой, за яго не павінна быць сорамна, калі ён выйдзе на людзі, каб на яго не паказвалі пальцам і не гаварылі: а яшчэ афіцэр! Ён павінен быць узорам для сваіх салдат, якіх яму давядзецца вучыць і выхоўваць, і наогул – для ўсіх. Афіцэрства не ў залатых пагонах, не ў зорках на плячах, а ў высокай культуры.

      I чым больш генерал гаворыць, тым менш у мяне надзеі: няма ў мяне ні такой культуры, ні свецкасці, якой яму хочацца, адно што нос ужо рукавом не выціраю. Ну, і ў музыцы крыху петру – «Сербіянку» ад «Страдання» адрозніць магу.

      Але ўсяго таго, чаго ён ужо нагаварыў, яму яшчэ мала. Афіцэр павінен валодаць і замежнай мовай, а тут, калі ласка, – і ў сваёй, нібы ў цёмным лесе.

      – Ты зразумеў, хлопча? – спытаў, нарэшце, мяне генерал.

      Я ўсё зразумеў, апрача аднаго – прымаюць мяне ці выганяюць, – і на ўсялякі выпадак хацеў сказаць «так точно», а атрымалася зноў праклятае «ыгы».

      – Ну, калі «ыгы», – падвёў вынік генерал, – то запішам мы цябе ў другую батарэю да падпалкоўніка Асташэўскага. А за рускую мову, хлопча, вазьміся як след!

      – Благадар-ру! – адчаканіў я тут жа чыста па-руску і з паперкай у руцэ, якую мне даў афіцэр, што сядзеў побач з Бацем, выпырхнуў з кабінета, ледзь дзверы лбом не высадзіў ад радасці.

      – Прынялі! – выпаліў я хлопцам, што пакутавалі яшчэ пад генеральскімі дзвярыма, і яны зноў павесялелі.

      – Прынялі! – радасна сказаў я Юрку, які чакаў мяне на двары, каб не мазоліць вачэй начальству каля генеральскага кабінета. Юрка таксама абрадаваўся, моцна паціснуў мне руку, але, прачытаўшы паперку, што мне далі ў генерала, чамусьці расчаравана прысвіснуў:

      – Да Асташэўскага?

      Я ўстрывожыўся: што такое, чым яму не падабаецца падпалкоўнік Асташэўскі?

      – Маятнік? Гэта ж самы занудлівы камбат…

      – А чаму – Маятнік?

      – Сам убачыш, – загадкава ўсміхнуўся мой апякун.

      Але маю радасць нішто не магло зацьміць. Я ўжо – не шпак, мяне прынялі ў вучылішча, я генерала не спалохаўся, дык што мне цяпер нейкі Маятнік? Ён жа мяне не з’есць. Вядома, было б лепей трапіць да маёра Барданоса, якога так нахвальвае Юрка, той быццам свой у дошку, але ж тут ужо капрызіць не будзеш, не дома, каб строіць гіморы.

      Нарэшце мы з Юркам развіталіся, ён пайшоў у сваю казарму, а я ўжо – у сваю. На лесвіцы, што вяла на другі паверх, праверыў, ці ўсё маё на сваім месцы. Здаецца, усё: кепка на макушцы, каўнер кашулі зашпілены на вайсковы гузік, адно што раменьчык на штанах трэба падцягнуць на апошнюю дзірачку – падвяло жывот. Толькі вось бацькавым чаравікам нічога не зробіш. На дзёгаць, якім іх наваксілі дзеля чарнаты, наліпла столькі пылу, што не відаць ні чорнага, ні рудога. Тут ужо чысці іх хоць трэсні, а блішчаць яны не будуць. СКАЧАТЬ