Название: Нічые (зборнік)
Автор: Андрэй Федарэнка
Издательство: Электронная книгарня
Жанр: Современная зарубежная литература
Серия: Беларуская проза XXI стагоддзя
isbn: 978-985-02-1071-5
isbn:
– Чайка, хлопцы! – нібы таксама першы раз кампалка ўбачылі.
– Гурааа! – і падкідвалі ўгору шапкі і фуражкі; назад лавілі не ўсе – галаўныя ўборы шлэпаліся ў брудную кашу пад ногі.
Даніла, ведучы ў повадзе кабылу, паехаў «да кватэры». Чайка забег у штаб.
У калідоры сутыкнуўся з Мірановічам, які выходзіў паглядзець на грозаўцаў.
– Жыве Беларусь! – паціскаючы Чайку руку, насмешліва павітаўся начальнік «контрвыведу». Гэта быў малады, статны, зеленавокапрыгожы, дагледжаны шляхцюк, да якога адзінокі Чайка прывязаўся больш чым да каго ў брыгадзе. Іх лічылі сябрамі. Вечна на лёгкім падпітку, разумны і з’едлівы, галоўны контрразведчык ні разу за жыццё, Чайку здавалася, не сказаў сур’ёзнага слова, і гэта таксама як бы радніла іх, стварала паміж імі тую сувязь, што бывае паміж акторамі, вымушанымі іграць у адным спектаклі.
Акрамя Чайкі, наўрад ці хто больш Мірановіча любіў, хоць і баяліся, гэта так. Была ў яго адна забаўка: выводзіць у лясок за Семежава палонных чырвонаармейцаў і «адпускаць» (потым знаходзілі непрыхаваныя трупы «адпушчаных»); «і гэты ўцёк, – і як яны так спрытна ўцякаць налаўчыліся?» – са смехам расказваў потым, Чайка сам чуў. Паміж сабой ніколі яны такой тэмы не закраналі, і нявінназеленавокі забойца, канечне, адзначаў у Чайку яшчэ і гэта – уменне не пераступаць мяжы.
– Дык жыве Беларусь? – пасміхнуўшыся, спытаў Мірановіч, які выдатна ведаў любоў кампалка да падобных атрыбутаў і рэдка не скарыстоўваў магчымасці лішні раз падкалоць.
– Жыве, жыве, – адказаў кісла Чайка. – Там недзе гэты… як яго, Мірончык. Сарваўся я з ім трохі… Далажыў ён?
– Далажыў. Сядзіць у каталажцы. Што гэта ты на яго палкана спусціў? Ён во хлопец. Мы з ім пры Балаховічы ў Тураве жыдоў патрашылі…
– Дык што – можа, выпусці яго?
– А сам не хочаш?
Чайка крутнуў галавою – не хачу. Павярнуўся ісці, Мірановіч прытрымаў яго.
– Можа, гарбаткі? Ці па сто? – паляпаў па біклажцы на рамяні.
– Мне цяпер хоць па дзвесце…
Зайшлі ў той самы клас, дзе з раніцы Жаўрыд са штабам прымаў веставых. Два афіцэры, стоячы каля акна, глядзелі на плошчу і спрачаліся аб нечым, штосьці адзін аднаму даказвалі… Убачыўшы старшых камандзіраў, разам змоўклі, казырнулі і паспешліва выйшлі, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.
– Дзе два беларусы, там абавязкова тры партыі, – сказаў Мірановіч. Адчапіў ад рамяня біклагу. – Табе ў накрыўку?
– Мне так.
Адпіў пару добрых глыткоў (каньяк, дзе яны яго дастаюць толькі?).
– Не многа? – спытаў, вяртаючы біклажку.
– Ды пі, шчасце такое…
Чайка СКАЧАТЬ