Кліч Ктулху (зборнік). Говард Філіпс Лаўкрафт
Чтение книги онлайн.

Читать онлайн книгу Кліч Ктулху (зборнік) - Говард Філіпс Лаўкрафт страница 18

СКАЧАТЬ быў гэты дзіўны чалавек. Я пазнаў мелодыю – тое быў дзікаваты венгерскі танец, які часта гучаў у тэатрах, і я адзначыў у думках, што ўпершыню на маёй памяці Эрых Цан зайграў твор іншага кампазітара.

      Музыка віёлы гучала ўсё грамчэй і неўтаймоўней, ужо больш нагадваючы адчайны лямант ды енк. Твар старога музыкі пакрыўся буйнымі кроплямі поту, ён сядзеў, неяк гратэскава скурчыўшыся і не адрываючы застылага позірку ад завешанага акна. У яго дзікіх матывах мне мроіліся постаці сатыраў і вакханак, што скакалі і кружыліся ў шалёным танцы па-над вірлівымі прорвамі ў віхурах хмар, дыму і маланак. А потым мне пачуўся яшчэ адзін гук – больш рэзкі і ўстойлівы, спароджаны, відавочна, не віёлай. Спакойны, спакуслівы, кплівы і поўны схаванага сэнсу, ён даносіўся нібыта здалёк, з заходняга краю неба.

      Нібыта ў адказ на гэтую вар’яцкую музыку, звонку завыў і застагнаў вецер, і зачыненыя аканіцы загрукаталі пад яго парывамі. Віёла Цана адгукнулася такім роспачным лямантам, на які, здалося мне, гэты інструмент быў проста не здольны. Аканіцы зноў пачалі трэсціся і грымець, потым з іх сарвала засаўку, і яны гучна запляскалі па створках акна. Наступным ударам ветру выбіла шыбы, і яны са звонам разляцеліся на аскепкі. Халодны павеў уварваўся ў пакой, прымусіўшы затрапятаць агеньчыкі свечак і здзьмухваючы са стала спісаныя аркушы, на якіх Эрых Цан паспрабаваў раскрыць сваю жудасную таямніцу. Зірнуўшы на яго, я ўбачыў, што ягоны позірк страціў усю асэнсаванасць: блакітныя вочы шырока раскрыліся, ашклянелі і быццам зрабіліся невідушчымі, а ўтрапёная музыка ператварылася ў механічную, сляпую і няўцямную вакханалію гукаў, якую немажліва апісаць.

      Раптоўны парыў ветру, значна мацнейшы за папярэднія, падхапіў спісаныя аркушы і панёс іх да акна. Я кінуўся быў следам у спадзяванні ўратаваць рукапіс, але аркушы ўжо зніклі ў цемрадзі ночы. Апынуўшыся ля акна з паразбіванымі шыбамі, я нечакана ўспомніў сваё даўняе жаданне вызірнуць з яго – адзінага акна на ўсёй вуліцы д’Асэй, з якога можна было ўбачыць схіл за сцяной і горад, што распасціраўся ўнізе. Час быў позні, але агні вялікага горада ніколі не згасаюць, і я хацеў разгледзець іх у начной непагадзі скрозь завесу дажджу.

      Зірнуўшы за акно мансарды, я знерухомеў. У пакоі паміргвалі свечкі, і віёла стагнала ды енчыла, туруючы завыванням ветру, а я ўсё глядзеў, глядзеў і не бачыў ні горада ўнізе, ні россыпу агеньчыкаў над начнымі вуліцамі. Перада мной ляжаў бязмежны чорны абшар, і тое чарноцце было жывое, напоўненае няўяўнымі патаемнымі рухамі і музыкай, што не мела падабенства ні з чым на зямлі. І пакуль я, зледзянелы ад жаху, глядзеў у акно, у мансарду пад вастракутным дахам уварваўся новы парыў ветру і задзьмуў абедзве свечкі, пагрузіўшы мяне ў першабытную непранікальную цемру, у якой не было нічога – толькі жывы ўцялеснены хаос перад вачыма ды енкі звар’яцелай віёлы, нібы выццё дэманаў у мяне за спінай.

      Я мімаволі адхіснуўся і адступіў. Не могучы запаліць святло, я ў цемры наляцеў на стол, перакуліў СКАЧАТЬ